Аляксандр Цвірка: Я паважаю нашу гісторыю і культуру



Традыцыйныя беларускія святы на гэтай сядзібе ладзяцца штогод. Гаспадар найлепшай у Беларусі аграсядзібы «Запаведны востраў», што на Глыбоччыне, і сённяшні госць «Рацыі» Аляксандр Цвірка шануе беларускую культуру і садзейнічае яе захаванню. У гэтым яго падтрымлівае і жонка Алена, хоць яна па нацыянальнасці і руская.

Па словах Аляксандра Цвіркі, сёлета яны доўга думалі, ці праводзіць свята „Купалле” падчас пандэміі. Але ўсё ж вырашылі яго ладзіць паводле мясцовай традыцыі і захоўваючы правілы асабістай бяспекі падчас каронавірусу:

– Насамрэч мэта стаіць – захаванне традыцый і іх папулярызацыя. Усё, як адбывалася раней. Будзе пачынацца з шэсця па вёсцы, так раней у гэтым месцы рабілі. Далей удзельнікі прыходзяць на паляну, мы яе нават не касілі пакуль, дзяўчынкі пачынаюць збіраць кветкі і плесці вянкі. Хлопцы ставяць слуп і рыхтуюць вогнішча пад ім, потым запальваецца вогнішча, і пакуль яно гарыць, удзельнікі водзяць карагоды і спяваюць песні.

Купалле на аграсядзібе Аляксандра Цвіркі «Запаведны востраў» сёлета будзе ладзіцца з 4 па 5 ліпеня з удзелам гурта «Варган». У сувязі з пандэміяй, гаспадар ніякіх абвестак пра імпрэзу ў сацыяльных сетках не даваў. Беларускае свята пройдзе ў вузкім коле адпачываючых і сяброў.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:

Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя

Фота: facebook.com