Аляксандр Верны, гурт „Фляус і Кляінн”: Мы марылі пра „Басовішча”
Гітарыст наваполацкага гурта “Фляус і Кляінн” прыгадвае, што першая спроба трапіць на “Басовішча” было няўдалай: гурт не прайшоў адбор з расейскамоўным рэпертуарам.
Давялося перакладаць асноўную праграму на беларускую мову, але не толькі таму, што хацелася трапіць на фэст: пра гэта прасілі сябры, у тым ліку тагачасны прадусар гурта Віталь Броўка. Пераклад 6-ці песень зрабіла віцебская паэтка Ірына Барысевіч. Тры з іх прагучалі на “Басовішчы -2007” і прынеслі перамогу гурту “Фляус і Кляінн”. Тая перамога была жаданай, кажа Аляксандр Верны:
– Да 2007-га году ў нас ужо быў свой шлях на беларускай сцэне, мы двойчы перамаглі на фестывалі “Рок-кола”, у нас была карона на “Рок-каранацыі”. Таму тое, што мы паехалі на “Басовішча”, гэта была лагічная схема развіцця. Гэта была добрая пляцоўка для папулярызацыі гуртоў, культуры, мовы, іншых добрых момантаў. Мы ведалі гэты фэст з дзяцінства, таму максімальна стараліся.
Падчас узнагароджання саліст Сяргей Фляус падзякаваў журы і слухачоў па-расейску, што выклікала пэўную негатыўную рэакцыю: усё-ткі “Басовішча” было фэстам беларускага року, і перадусім – беларускамоўнага. Прыгадваючы той інцыдэнт, Аляксандр Верны тлумачыць, што ніякіх кепскіх намераў у сябра не было, хутчэй наадварот – ён пераадолеў вялікія цяжкасці, каб заспяваць па-беларуску:
– У перыяд школьны, падлеткавы, ён жыў у Расеі, таму з беларускай мовай не дужа атрымлівалася. Хаця яму падабалася, мова яму падабалася вельмі. Не атрымлівалася, бо для Сяргея была спецыфіка: словы ў ягоных песнях былі складаныя. І трэба было ўсё пераасэнсаваць у галаве, бо ён пісаў свае песні, а тут раз – і зусім іншы асацыятыўны шэраг.
Атрыманай узнагародай гурт у поўнай меры так і не скарыстаўся. Паводле Аляксандра Вернага, у музыкаў было зашмат амбіцый , але не было разумення, як іх увасобіць. Таму грашовую прэмію скарысталі на выпуск альбома, але так і не знялі відэакліпаў на свае песні, не было і запісаў у студыі. Гурт праіснаваў яшчэ некалькі гадоў, але распаўся канчаткова, выпусціўшы апошні альбом у 2015-м годзе. У ім пераважная большасць – гэта старыя песні, за якія прыхільнікі калісьці й палюбілі “Фляус і Кляінн”.
Архіўныя фота з “Басовішча -2007” ўзяты з дазволу Аляксандра Вернага з https://vk.com/flausklainn
Беларускае Радыё Рацыя