Аляксандр Ждановіч: Батлейка – гэта такі салодкі „наркотык”
Госць Рацыі – Аляксандр Ждановіч, які вядомы некалькім пакаленням беларусаў як Маляваныч. Акцёр распавёў аб вымушанай эміграцыі і жыцці ў Грузіі, паразважаў аб важнасці сацыяльных сетак у час, калі блізкія людзі раскіданы па ўсяму свету, і падзяліўся думкамі наконт сваёй творчай дзейнасці.
РР: Распавядзіце, калі ласка, у які момант вы ўсвядомілі, што вам трэба пачаць займацца батлейкай?
Аляксандр Ждановіч: Пачатак быў даволі даўно. Мая жонка Людміла была актрысай тэатра лялек. Яна захаплялася вось гэтай батлейкай. Я быў вельмі далёкі ад гэтага ўсяго, але яна хацела стварыць такі фестываль. І вось я пачаў сваёй жонцы дапамагаць. І ў рэшце рэшт атрымалася так, што гадоў 7 ці 6 мы ладзілі гэты фестываль “Нябёсы” – фестываль батлеечных лялечных тэатраў. Ён перарос з такога маленькага рэспубліканскага ў міжнародны. Я пазнаёміўся са шматлікімі майстрамі гэтага, нават не ведаю, гэта штосьці большае за мастацтва, гэта такі салодкі наркотык. Хто датыкаецца да батлейкі, ці ў Польшчы называецца “szopka”, ва Украіне і ў Расеі “вертеп”. І вось я спрычыніўся да гэтага батлеечнага руху.
Але сам я не паказваў спектакляў, у мяне не было ўласнай батлейкі. А потым, апынуўшыся ў Грузіі ў эміграцыі, я зразумеў, што трэба нешта рабіць. І ў тым ліку ўспомніў, што ў мяне ёсць вось такі досвед. І я шукаў, хто мне зробіць батлеечную скрыню, бо я нікога не ведаў ўвогуле. Чымсьці мне дапамагло тое, што ў мяне былі знаёмствы з фестывалю “Нябёсы”, і мяне пазнаёмілі з чалавекам, якога завуць Булат Акуджава, ён жыве ў Тбілісі шмат гадоў, ён мне зладзіў вось гэтую разборную батлейку. Гэта была такая ідэя менавіта, я ведаў, што мне трэба будзе неяк вандраваць. Увогуле батлеі – гэта людзі, якія не сядзяць на месцы, вандруюць.
Потым мне зрабілі лялькі, прычым цікава, што я сам рабіў эскізы, якія я б хацеў мець лялькі, але майстар была грузінка, і яна надала свае рысы такія крыху грузінскія – і ў генерала, і пастуха. Вось гэта цікава
Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:
Беларускае Радыё Рацыя