Аляксей Палуян: Фільм „Courage” добра ўспрымаюць па ўсім свеце
У Грузіі адбыліся прагляды стужкі беларускага рэжысёра Аляксея Палуяна „Courage” (Смеласць). Фільм паспелі пабачыць беларусы, што жывуць у Батумі, Кутаісі і Тюілісі.
Пра асаблівасці і цяжкасці пры здымках фільма распавядае яго рэжысёр Аляксей Палуян:
– Больш за ўсё было цяжка пабудаваць дыстанцыю – дыстанцыю да падзей. Таму што ты не можаш заставацца аб’ектыўным, не можаш заставацца халодным, калі перад табою тваіх беларусаў закідваюць гранатамі і газам. І большасць тых, хто выйшаў на вуліцы 9 – 10 жніўня, былі безабароннымі. Гэта было больш рамантычнае, наіўнае крыху ўяўленне гэтых пратэстаў. Але бадай, самае складанае было, нават не той страх, які меў кожны з нас і дагэтуль мае, а эмацыйны момант, калі выпускалі людзей з Акрэсціна.
Па словах Аляксея, фільм добра ўспрымаюць па ўсім свеце, дзе адбываюцца яго прэзентацыі:
– Вельмі эмацыйны паказ быў у Вільні. Гэта было ўлетку. І прыйшло вельмі шмат беларусаў, якія прайшлі Акрэсціна і турмы. І там былі маці, дзеці якіх знаходзяцца за кратамі. Калі мы рабілі акцыю з партрэтамі, яны шукалі партрэты сваіх дзяцей. І вось гэта было вельмі складана эмацыйна вытрымаць. Нават мне. Канешне, вельмі шмат плакалі, і літоўцы. У Польшчы было вельмі эмацыйна. Таму што польская краіна вельмі моцна падтрымлівае зараз беларусаў. І яны, больш сталае пакаленне, прайшлі падобную сітуацыю. Я нават гэтага не чакаў.
Фільм „Courage” (Смеласць) паказвае падзеі 2020 года праз лёсы актораў «Свабоднага тэатра», а таксама вагакаліста гурта «Разбітае сэрца пацана» Дзяніса Тарасенкі.
Беларускае Радыё Рацыя