Аляксей Пяткевіч: Мяне хвалюе звужэнне жыццядзейнасці нацыянальнай культуры…



Выдатны і таленавіты чалавек жыве ў Гародні. Гэта пісьменнік, педагог, навуковец і прафесар Аляксей Пяткевіч, якому 30 сакавіка спаўняецца 90 гадоў з дня нараджэння.

Аляксей Пяткевіч

Нарадзіўся Аляксей Міхайлавіч у 1931 годзе ў вёсцы Новы Свержань на Стаўбцоўшчыне. Скончыў аддзяленне беларускай і рускай мовы і літаратуры філалагічнага факультэта БДУ (1954), аспірантуру (1957). Абараніў кандыдацкую дысертацыю на тэму „Псіхалагічны аналіз і праблема характару ў прозе Кузьмы Чорнага”.

Аляксей Пяткевіч жыве ў Гародні з 1957 года. Ён быў адным з ініцыятараў за наданне Гарадзенскаму ўніверсітэту імя выдатнага класіка беларускай літаратуры Янкі Купалы, стварэння кафедры беларускай культуры. Там, у Гарадзенскім універсітэце, Аляксей Міхайлавіч адпрацаваў амаль усё сваё жыццё. Выступае як крытык і літаратуразнаўца з 1958 года. Выдаў шэраг кніг па гісторыі беларускай літаратуры і культуры. Сярод якіх – «Літаратурная Гродзеншчына», «Людзі культуры Гродзеншчыны», «Старонкі спадчыны», «Слова і кніга Прынёмання», «Аўтографы – разам» і іншыя.

Аляксей Пяткевіч з жонкай і бацькамі, 1984 г.

Прафесар Аляксей Пяткевіч напярэдадні свайго 90-годдзя адказаў на некалькі пытанняў Радыё Рацыі.

—Аляксей Міхайлавіч, як Вы прыйшлі ў літаратуру, хто Вас сюды «прывёў», дапамог?

—У літаратуру мяне «прывёў» бацька, як гэта не дзіўна. Любоў да чытання, захаплення чароўнасцю мастацкага слова пачаліся ад яго. Бацька, Міхаіл Антонавіч, не меў вялікай адукацыі, ён вымушаны быў пакінуць гімназію, каб ісці працаваць. Але шмат чытаў. І вельмі любіў спяваць. Часцей спяваў у хаце, для сябе, спяваў беларускія, украінскія, рускія песні, песні-рамансы. Быў ён і артыстычным апавядальнікам, валодаў інтанацыяй, жэстам, мімікай. Нават выступаў на аматарскай сцэне, калі быў маладзейшым. Бацька меў абвостранае пачуццё справядлівасці, маральнасці. Таму, мабыць, мяне рана павярнула да літаратуры, дзе маральныя ісціны жыцця разглядаюцца ў самых розных ракурсах. Ну і, вядома ж, адыгралі сваю ролю школьныя настаўнікі літаратуры, на якіх мне проста пашанцавала. З 1990 года я працаваў на кафедры беларускай культуры, але літаратура для мяне і зараз, нібы маці для сына.

Кастусь Майсеня, Мікола Заморскі, Уладзімір Казбярук, Аляксандр Іваноўскі,Аляксей Пяткевіч, Томас Бэрд, Беласток, чэрвень 1988 г.

—Ваша родная вёска Новы Свержань на Стаўбцоўшчыне даволі вядомая не толькі ў межах раёна, але і ў Беларусі. Ці бываеце там цяпер? Ці цягне дамоў да землякоў? Ці Вы ўжо сталі гарадскім філолагам, якога вёска не цікавіць?

—Свой родны куток Новы Свержань я называю не вёскай, а мястэчкам. Тым больш, што гэты статус быў нададзены яму афіцыйна ў 1568 годзе. Сёння ж гэта буйное паселішча — 15 вуліц, больш за дзве тысячы жыхароў. Для мяне гэта найдаражэйшая ў свеце мясціна, яна мяне выгадавала. Адсюль ад’ехаў на вучобу ў Мінск. У маладосці наведваўся ў Новы Свержань часта, то адзін, то з сям’ёй. Асабліва, калі жывыя былі бацькі. Цяпер — рэдка: адзін-два разы ў год. Адзін раз — абавязкова, бо збіраемся, папярэдне дамовіўшыся, як правіла ў жніўні ў бацькоўскай хаце ўсе блізкія і далёкія родзічы з малымі дзецьмі. Вытрымліваючы рытуал, садзімся за стол. Затым ідзём на Нёман, які тут зусім блізка, пасля — на могілкі. Трымаю сувязі з землякамі, тэлефаную ім. Яны таксама. Стараюся сачыць за жыццём роднага мястэчка. Супрацоўнічаю на гэтую тэму з рэдакцыяй стаўбцоўскай раённай газеты «Прамень» — пішу пра гісторыю Свержня, пра яго сённяшнія складаныя праблемы. Чым далей коцяцца гады, тым мацней кліча да сябе мая дарагая мясціна, тым мацней шчыміць туга па ёй. Але ёсць у гэтай тузе і высокая светлая нота далучанасці да роду, да зямлі маленства. Таму вельмі часта цяпер вяртаюся «дадому», бачу сваю хату з двума вокнамі на фасадзе, высокай вішняй у палісадніку, рэчачку перад хатай і таўшчэзны магутны топаль на супрацьлеглым беразе. Чую скрып веснічак, што вядуць у двор, і галасы дзяцей — унукаў мае пляменніцы, што жыве з сям’ёй у гэтай хаце. Мне здаецца часта, што адрозніваю тут і свой колішні голас.

Валянцін Акудовіч, Данута Бічэль і Аляксей Пяткевіч у вёсцы Якушоўка Свіслацкага раёна, 1998 г.

—З кім Вы ў жыцці добра, доўга і шчыра сябравалі і сябруеце?

—Многія, з кім сябраваў, адышлі ўжо ў лепшы свет. Не стала даўно Міколы Мельнікава, калегі па ўніверсітэту, стваральніка музея Васіля Быкава ў Гародні. Сваё рэпрасаванае дзяцінства ўвасобіў у трох кніжках мемуараў. Мы ішлі праз жыццё побач больш за паўвека, разам сябравалі сем’ямі, мелі аднолькавыя погляды. І дзіўна, што ў 1990-я гады разышліся: не змаглі сумясціцца яго празмерная тагачасная радыкальнасць і мая этычнасць педагога вышэйшай школы. Але ў апошнія часы ягонага лёсу мы ўсё ж вярнуліся адзін да аднаго і сардэчна абняліся. Засталося ў памяці сяброўства з Алесем Белакозам, чалавекам беларускай ідэі, настаўнікам, краязнаўцам. Яго ведаюць і памятаюць, як сваральніка ўнікальнага дзяржаўнага музея ў вёсцы Гудзевічы на Мастоўшчыне. Ён выпакутаваў гэты музей цаной усяго жыцця і здароўя. Выстаяў, праявіўшы сапраўдную сілу духу. Стараўся яму дапамагаць з самага пачатку, але больш падтрымліваў маральна. Усё ж жылі на адлегласці. Праўда, сустрэчы ў маладыя гады былі частымі.

Жыў у Гародні і найбліжэйшы мне чалавек — Ігар Жук, доктар філалогіі, таленавіты беларускі літаратуразнавец, інтэлектуал. Мы з ім добра і лёгка разумеліся. І душы нашы, здаецца, на нейкай адной хвалі былі беларускай рэальнасці. На жаль, ён рана пакінуў гэты свет. Няма ўжо маіх сяброў Сакрата Яновіча з Беласточчыны, Арсеня Ліса са Смаргоншчыны… Але ёсць нямала іншых прыгожых постацяў, што знаходзяцца далёка. Але гэты фактар не перашкаджае, мне здаецца, чуць іх прысутнасць у маім жыцці. Гэта Адам Мальдзіс у Менску, Мікола Нікалаеў у Пецярбургу, Аляксей Каўка ў Маскве, Вячка Целеш у Рызе… Нас лучыць шмат пройдзенага і перажытага.

Ігар Жук, Аляксей Пяткевіч, Сяргей Чыгрын у Гарадзенскім універсітэце, 2012 г.

—Што Вас сёння найбольш хвалюе?

—Мяне, як і кожнага сумленнага і па-грамадзянску адказнага беларуса, хвалюе сёння лёс нашай краіны і нашага народа, а таксама рэзкае выцясненне з афіцыйнага ўжытку беларускай мовы, масіраваная русіфікацыя Рэспублікі Беларусь і, адпаведна, звужэнне жыццядзейнасці нацыянальнай культуры.

Аляксей Пяткевіч і Ала Петрушкевіч, 2011 г.

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя