Аляксей Пяткевіч прэзентаваў кнігу „Аўтографы – разам”
У гарадзенскай абласной навуковай бібліятэцы імя акадэміка Яўхіма Карскага прайшла прэзентацыя кнігі „Аўтографы – разам” аўтарства прафесара Аляксея Пяткевіча. Ён пазнаёміў гарадзенцаў са сваёй кнігай, якая больш нагадвае альбом, чым даследчыцкую працу.
Чым з’яўляецца аўтограф у жыцці чалавека, што можа значыць аўтограф для спецыяліста, трымальніка аўтографа ад чалавека, які стаў класікам, легендай? Кажа Аляксей Пяткевіч:
– Калісьці ў маладосці я не задумваўся, на колькі аўтограф на кніжцы, якая дорыцца мне, на колькі гэты аўтограф важная рэч. Ну вось пакінуў пра сябе след чалавек на сваёй кнізе і ўсё, прыемна глянуць і толькі. Так што я гэта ўспрымаў чыста эмацыянальна. Сёння я бачу на колькі след рукі чалавека важны – гэта своеасаблівы дакумент, гэта адбітак душы.
Праз жыццё Аляксея Пяткевіча прайшлі лёсы сотні вядомых беларускіх дзеячаў, якія пакінулі свае аўтографы. Агулам у яго калекцыі больш за 700 аўтографаў, але толькі 577 адлюстраваныя ў выданні „Аўтографы разам”. Сярод іх, чытач знойдзе аўтографы: Васіля Быкава, Зоські Верас, Ніла Гілевіча, Апанаса Цыхуна, Уладзіміра Караткевіча.
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня