Аляксей Трубкін пра „беларускі некропаль” у Беластоку
Краязнавец Аляксей Трубкін даследуе беластоцкія могілкі, на якіх пахаваныя беларускія дзеячы. Напярэдадні Дзядоў ён распавёў, як знаходзіць сляды беларускай культуры ў Польшчы:
– Звесткі пра беларускія месцы, у тым ліку пра пахаванні беларускіх дзеячаў я пачаў збіраць больш за 10 гадоў таму. Большасць беларускіх дзеячаў пахаваныя на праваслаўных могілках Усіх Святых на Выгодзе. Я часта параўноўваю гэтыя могілкі з віленскімі „Росамі”. Выяўлена больш за дзясятак пахаванняў. Вядома, што гэта толькі невялікая частка. Калі ў памерлага застаецца сям’я, то яна сочыць і дбае пра месца пахавання. У адваротным выпадку, то інфармацыя пра чалавека губляецца. Месцы на могілках платныя, у прынцыпе, як і ва ўсёй Еўропе. З часам, калі на працягу некалькіх дзесяцігоддзяў помнік разбураецца, да яго ніхто не прыходзіць, ніхто не даглядае, то на гэтым месцы проста хаваюць іншую асобу. Такім чынам пахаванне губляецца і пасля яго знайсці амаль што немагчыма. Ёсць прыклады, калі ў іншых гарадах Еўропы знаходзілі месцы пахавання беларускіх дзеячаў, дзе ўжо былі пахаваныя іншыя людзі. Мы пачыналі шукаць беларускія пахаванні ад імя арганізацыі Беларуская Нацыянальная Памяць. Цяпер я раблю гэта прыватна, ладзім экскурсіі, розныя іншыя культурніцкага кшталту акцыі. У 2021 годзе ладзіліся Дзяды на гэтых могілках, з удзелам беларускай грамады. У мінулым годзе не рабілі. У гэтым годзе мы з сям’ёй і сябрамі ў прыватным парадку вырашылі пад’ехаць і наведаць гэтыя могілкі, дзе паставілі знічы.
Найстарэйшае пахаванне на могілках Усіх Святых з надпісам па-беларуску, якое было дагэтуль выяўлена. Лідзія Лукашык – жонка брата беластоцкага беларускага дзеяча Васіля Лукашыка.
Беларускае Радыё Рацыя