Альжбета Кеда: Абразкі – улюбёная мая форма
Напісаць гісторыю сваёй вёскі – гэта як укласці чарговую перліну ў размаітую мазаіку агульнага памятнага альбома цэлага народа. Тыя, каму ўдаецца такая праца, становяцца сапраўднымі дойлідамі, летапісцамі, вынік працы якіх ацэняць нашыя нашчадкі. У Беларусі з’явілася чарговая „цаглінка” да нашага агульнага палацу – выдадзена праца гарадзенскай пісьменніцы Альжбеты Кеда, сённяшняй Госці Рацыі, з якой гутарыць наш карэспандэнт Якуб Сушынскі.
РР: Мы з вамі сустракаліся пад іншым імем – Ала Петрушкевіч, але сёння гутарка з вамі пойдзе пра цікавае выданне, якое нядаўна пабачыла свет, і прайшла ўжо першая прэзентацыя гэтай кніжкі. Аповед, быль, як вы яе назвалі, пра адну з вёсак, якая знаходзіцца ля ляснога возера ў Налібоцкай пушчы, вёска, якая звязаная з вашымі бацькамі. Гэта ўжо не першая кніга. Вы ўжо паспелі прайсціся па ўспамінах і напісалі яшчэ адну кнігу “Шчонаўскія абразкі”. Для кожнага беларуса важна ведаць свае карані, але вам як творчаму чалавеку колькі часу давялося на гэта выдаткаваць?
Альжбета Кеда: Сапраўды, часу выдаткавана вельмі шмат, але я не шкадую. І час гэты адносны – колькі я жыла, столькі я пісала гэтыя кнігі, не ведаючы, што я буду пісьменніцай, не ведаючы, што я іх напішу. З самага маленства адкладалася ў памяці дзяўчынкі тое, што адбывалася раней, тое, што было пачута ад мамы, ад бабулі, ад іншых людзей, ад суседзяў. А непасрэдна над гэтай апошняй кнігай “Антанёва” я працавала, можа, нават і не так шмат – каля двух гадоў. Праўда, самы першы матэрыял пра Антанёва быў напісаны яшчэ ў мінулым тысячагоддзі ці ў пачатку гэтага. Быў нейкі конкурс абвешчаны, былі кшталту “Легенды на Беласточчыне”, і я проста напісала пра гэтую сваю вёску і заняла першае месца. Гэта было проста, тое, што я памятала, не ўдакладненае, з нейкімі памылкамі, але яно лягло ў аснову кнігі, якая ўрэшце была напісаная.
РР: Гэта менавіта вусная гісторыя, якая перадавалася ад бацькоў дзецям, гэта свайго роду такая легендарнасць пэўных падзеяў, якія адбываліся ў вашай мясцовасці?
Альжбета Кеда: Так, зразумела, вусная гісторыя – не прыдуманая проза. Але ж я не проста запісваю, я ўсё ж пісьменніца, я пішу мастацкую прозу. І таму многія абразкі выглядаюць як апавяданні. Абразкі – улюбёная мая форма, і гэта не ёсць толькі зварот да маіх каранёў, да маёй сям’і. Гэта цэлая вёска, гэта жыццё вёскі на працягу стагоддзя. Антанёва – гэта амаль што і стагоддзе, нават пераход крыху і ў гэтае тысячагоддзе, менавіта дваццатае стагоддзе.
Напісала кнігу пра сваё Шчонава, пра радзіму бацькі, пра месца, дзе я жыла свае першыя дзесяць гадоў, і неяк не вельмі камфортна мне было, таму што ёсць жа яшчэ маміна вёска, ёсць жа яшчэ Антанёва, якое фактычна знікла, бо засталася адна жылая хата. І мне так хацелася і гэты свет вярнуць. І я адчувала, што я павінна і гэта зрабіць. І я вельмі рада, што ў мяне зараз дылогія, што ў мяне два сапраўдныя крылы – маё Шчонава і маё Антанёва.
Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:
Беларускае Радыё Рацыя