Аматары знялі ролік-прэзентацыю антыўтопіі „Мова”



„Вежы менскага вакзалу, ператвораныя ў крытыя дахоўкай кітайскія пагады, дасканала падабраны тэмбр гэтага бадзёранькага жаночага голасу, які паведамляе пра смяротнае пакаранне за ўвоз мовы — адчуванне сучаснай беларускай рэальнасці, пабачанай праз прызму рамана”, — характэрызуе буктрэйлер сам Віктар Марціновіч і сцвярджае, што ўзровень выканання яго задаволіў.

Пра што раман. Менск, 4741 год па кітайскім календары. Часы Смутку скончыліся, надышла эра ўзвышэння Саюзнай дзяржавы Кітая і Расеі, бесклапотнага насалоджвання. Шопінг-рэлігіі i cold sexy. Аднак існуе Нешта, чаго ў гэтым грамадстве суцэльнага дабрабыту не стае як вады і паветра. Сентыментальны кантрабандыст Сярожа пад страхам смяротнага пакарання ўвозіць каштоўны скарб з-за мяжы і апынаецца пад пільным кантролем мінскага падполля, узначаленага кітайскай мафіяй пад кіраўніцтвам таямнічай Цёткі. Разам яны спрабуюць зламаць сістэму, у якой дабро і зло, асветнікі і злачынцы, каханне і спажыванне, вернасць і здрада памяняліся месцамі.

Гэта ўжо другі ролік да рамана, зняты ў межах фестывалю velcom Smartfilm.