Амбасада Украіны перадала ноту ў МЗС Беларусі з-за паказу трэйлера „Крыму”
У сувязі з паказам трэйлера расейскай стужкі «Крым» рэжысёра Аляксея Піманава ў менскіх кінатэатрах амбасада Украіны накіравала ў МЗС Беларусі ноту, паведамілі TUT.BY у прэс-службе дыпмісіі. Ноту перадалі яшчэ ў пятніцу, 14 ліпеня.
Расейскі пракатчык карціны – група кампаній «Парадыз» – пацвердзіла, што пракат фільма ў Беларусі плануецца, пакуль ідзе абмеркаванне, у якіх менавіта кінатэатрах. Фільм выходзіць на шырокія экраны 28-29 верасня.
Нагадаем, што на днях у менскіх кінатэатрах сталі паказваць трэйлер фільма «Крым» – расейскай драмы, заснаванай на рэальных падзеях.
«Крым» – праект пры падтрымцы расейскага «Фонду Кіно» – ўрадавага фонду, які закліканы падтрымліваць айчыннае кіно, у тым ліку і фінансава. Рэжысёрам праекта выступіў Аляксей Піманаў – вядучы праграмы «Чалавек і закон», палітычны і грамадскі дзеяч, пераважна серыяльны рэжысёр і прадзюсар.
Фільм раскажа пра пару, якую лёс звёў ў Крыме непадалёк старажытнага горада Мангуп-Кале. І на працягу крымскіх падзей закаханым трэба будзе змагацца за сваё жыццё і пачуццё.