Амбасада ЗША перадала ў Пінск рарытэтныя выданні
Амбасада Злучаных Штатаў Амерыкі перадала ў Пінск рарытэтныя выданні 1937 года. Яны зробленыя ў Нью-Ёрку па выніках амерыканскай экспедыцыі па Палессі, якую здзейсніла вандроўніца Луіза Арнэр Бойд у 1934 годзе.
Матэрыялы выдання будуць выкарыстаныя ў падрыхтоўцы фотаальбома да 80-годдзя экспедыцыі, паведаміў адзін з кіраўнікоў Інфармацыйна-асветніцкай установы “Інстытуцыйнага развіцця” Ігар Салавей:
– Наша арганізацыя вельмі ўдзячная амбасадзе за гэты бясплатны падарунак. Фотаздымкі з гэтага рарытэтнага выдання будуць выкарыстаныя ў фотаальбоме, які з’явіцца ў лістападзе і распавядзе пра амерыканскую экспедыцыю Луізы Арнэр Бойд па Пінскім Палессі. Таксама фотаздымкі будуць прадстаўлены на выставе, якую мы плануем арганізаваць у лістападзе.
Нью-Ёрскае выданне Луізы Бойд, дзе змешчана інфармацыя пра Пінскае Палессе 1934 года ды адпаведна фотаздымкі, будзе аблічбавана і распаўсюджана па бібліятэках Берасцейшчыны.
Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя
