Ана Мацкевіч: Узнімем пытанне: ці можна кахаць у час вайны?



„Закаханыя ў… любоў у часы апакаліпсы”. Такую назву мае канцэрт, які беларуска-польскія спявачкі і актрысы Ана Мацкевіч, Дар’я Новік і Маша Пятровіч зладзяць у Варшаве.

У праграме чакаюцца джазавая класіка, паэзія палітвязняў і не толькі. Імпрэза прымеркаваная да Дня Святога Валянціна і будзе паказаная тройчы: 12, 14 і 17 лютага на розных пляцоўках.

Пра тэматычную пастаноўку мы паразмаўлялі з Госцяй Рацыі – выступоўцай і суарганізатаркай падзеі Анай Мацкевіч.

РР: Што будзе ўяўляць ваша імпрэза?

Ана Мацкевіч: Гэта будзе канцэрт, тэатралізаваны, у якім мы з дзяўчынамі будзем выконваць розныя джазавыя песні, але не толькі джазавыя. Але акрамя гэтага мы таксама будзем чытаць вершы – беларускія, польскія. І таксама вершы беларускіх палітвязняў. Увогуле ідэя гэтага канцэрта – як жыць у нашыя часы і пры гэтым яшчэ мець жаданне, каб жыць, як увогуле не адвярнуцца ад рэальнасці, у якой мы сёння існуем і пры гэтым не спыняцца.

РР: Распавядзіце, калі ласка, пра ўдзельніц падзеі, як яны прыядналіся да вечарыны, чаму ўрэшце-рэшт атрымаўся такі склад.

Ана Мацкевіч: Год таму мы такую імпрэзу ладзілі з Дар’яй Новік і Мікалаем Стунькам. У гэтым годзе ў нас больш феміністычны склад. Нас трое: я, Дар’я Новік і Маша Пятровіч. Гэтыя дзяўчыны прафесійныя акторкі, спявачкі. Яны гралі і ў Беларусі ў розных тэатрах, і ў Польшчы, як і я таксама. Ну і такі склад. Мы не рабілі кастынг, таму што мы гэта ладзім самі. Неяк склаліся, прыдумалі і вырашылі паўтарыць, тое што было ў мінулым годзе. І неяк так спрацаваліся.

РР: У анонсе зазначана, што падчас імпрэзы вы будзеце разважаць наконт двукосся, кахання падчас вайны, тугі па дому і агульнага заходу свету.

Ана Мацкевіч: Тэма нашага канцэрту – каханне падчас канца свету. Як я ўжо казала, гэтая тэма вельмі сёння актуальная, таму што мы жывем у страшна нестабільныя часы. Тое, што ў Турцыі, тое, што ў Сірыі, гэтага ніхто нават не прадугледжваў. І, канешне, такія рэчы ніхто не прадугледжвае. І тое, што мы жывем падчас вайны, тое, што мы жывем у выгнанні, гэта ўсё вельмі цяжка асэнсаваць, і пры гэтым вельмі цяжка сбалансаваць гэта ўсё. То бок, ёсць людзі, якія проста забываюць пра ўсё і жывуць далей сваім жыццём, і жывуць у забыцці. І гэта, канешне, не здарова. Але гэта такі абаронны механізм псіхікі. І мы ў сваёй імпрэзе кажам: так мы жывём у такія часы, мы не можам нічога змяніць у вялікім памеры, але тое, што мы можам, – гэта дапамагчы людзям, каб можа было жыць, радавацца, кахаць і пры гэтым не забываць пра гэта ўсё. І пры гэтым разумець, што трэба нешта рабіць, трэба памятаць. Чым больш людзей змогуць гэта спалучаць, тым больш будзе здаровых людзей.

Цалкам размова:

12-га лютага імпрэза адбудзецца ў Беларускім Моладзевым Хабе, 14-га – у “Bar and Books Podwale”, 17-га – у Музеі Вольнай Беларусі.

З Анай Мацкевіч размаўляла наш карэспандэнт Марына Савіцкая.