Анастасія Шпакоўская: Беларусам у замежжы не хапае такіх цёплых сустрэч



Госць Рацыі – спявачка, актывістка і ставаральніца першай беларускай анлайн-школы Анастасія Шпакоўская.

Гутарым з ёй пра рэгулярныя камерныя дабрачынныя канцэрты, што адбываюцца ў Вільні, пра творчыя планы, а таксама пра жыццё і праблемы ўнікальнага адукацыйнага праекту Анастасіі.

РР: Распавядзіце для нашых слухачоў не з Вільні, што такое «шпакоўнікі», хто на іх выступаў і ці будзе гэта працягвацца?

Анастасія Шпакоўская: Сама ідэя «шпакоўнікаў» нарадзілася яшчэ ў Кіеве, калі мы там жылі і ў нас была такая вялікая прастора. І мы ладзілі «кватэрнікі-шпакоўнікі». Гэта насамрэч кватэрнікі. «Шпакоўнікамі» яны сталі дзякуючы майму прозвішчу. Там, у Кіеве, мы запрашалі вядомых беларускіх музыкаў, каб у такой хатняй абстаноўцы пагутарыць з беларусамі, разам паспяваць, абмеркаваць нашыя балючыя тэмы. І потым, калі мы пераехалі сюды ў Вільню, я пачала працаваць тут у тэатры, былым рускім драматычны. І звярнулася да дырэктаркі з такой ідэяй, каб у кавярні тэатра рабіць такія «шпакоўнікі» менавіта для беларусаў. Тэатр падтрымаў гэтую ідэю. І мы зрабілі тры дні, у якія запрашалі беларусаў у нашую кавярню, стварылі там такую хатнюю атмасферу, запрашалі беларускіх музыкаў. У першы дзень у нас выступала Алена Жалудок, выступаў дуэт «Тапачкіны», выступала Atesta, такая маладая беларуская спявачка, вельмі таленавітая. На другі дзень да нас завітаў Дзянісаў з гурта «Дзяцюкі» і Кацеван, таксама вядомая беларуская спявачка. І ў трэці дзень, ужо прыканцы, быў Аляксандр Памідораў. І NAKAPIANO завяршыла шэраг гэтых «шпакоўнікаў». Вельмі прыемна атрымалася. Таму што не хапае беларусам менавіта такіх цёплых сустрэч, не хапае беларусам такіх шчырых размоў, такіх блізкіх размоў са сваімі ўлюбёнамі выканаўцамі. Не хапае і нашых песень, не хапае ўвогуле адчування дома. Таму я вельмі рада, што тэатр падтрымаў і гэта ўсё атрымалася і шмат людзей завітала да нас у госці. І я спадзяюся, што працяг будзе. Ужо, магчыма, не па тры дні, а ўжо з перыядычнасцю раз у два месяцы мы будзем ладзіць такія вечарыны для нашых беларусаў, каб яны адчувалі сябе больш утульна на чужой зямлі.

РР: Дзе можна будзе даведацца пра чарговыя «шпакоўнікі»? Дзе знайсці такую інфармацыю?

Анастасія Шпакоўская: Па-першае, на сайце нашага тэатра. А таксама ў маіх сацсетках – і ў Інстаграме, і ў Фэйсбуку.

РР: Я чула, што падчас гэтых «шпакоўнікаў» збіраліся грошы для нашых ваяроў ва Украіне.

Анастасія Шпакоўская: Так. Мы збіралі грошы для палка Каліноўскага. Сабралі досыць вялікую суму. Атрымалася яшчэ падтрымаць тых беларусаў, якія ваююць за нашу будучыню, за Свабоду Украіны.

Цалкам размова:

Як кажа Анастасія, школа для беларускіх дзяцей працягне існаваць у любым выпадку, дзякуючы высілкам заснавальнікаў, але адукацыйнаму праекту насамрэч патрабуецца дапамога.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота з Фэйсбука Анастасіі Шпакоўскай.