Анастасія Шпакоўская: Шмат чаго робім, не ўсё бачна з Беларусі
Cалідарнасць, як паказчык еднасці беларусаў. Акцыі салідарнасці праходзяць кожныя выходныя ў Беларусі і таксама за мяжой. Беларусы ў Кіеве ладзяць адны ці не з самых крэатыўных акцый пратэстаў у цэнтры горада ды таксама каля амбасады Беларусі ва ўкраінскай сталіцы.
Сюды пасля пратэснага лета 2020 года, ратуючыся ад рэпрэсій, пераехала шмат крэатыўных беларусаў, сярод якіх беларуская акторка і спявачка, вакалістка гурту «Naka» Анастасія Шпакоўская.
– Знаходзімся ў кантакце тут са шматлікімі беларусамі, якія таксама вымушаны былі сюды пераехаць. Робім тут розныя акцыі. І ў нас адбываюцца розныя падзеі і з музыкамі. І я здымала тут шэраг відэа, якія можна паглядзець на нашым канале “Нака-Мінск” на ютубе. Шмат чаго робім, але на адлегласці не так адчуваецца наш удзел у беларускіх падзеях. Такія абставіны, і на жаль, мы не можам на іх паўплываць.
Сама Анастасія Шпакоўская праз творчасць выказвае сваю грамадзянскую пазіцыю. Напрыклад, напярэдадні Дня Волі гурт „Naka” выпусціў новы музычны твор «Краіна N», па матывах «Краіна нягоднікаў» Сяргея Ясеніна. Паводле спявачкі, песня перадае ўвесь боль сучасных беларусаў. Таксама ў Кіеве Анастасія Шпакоўская ініцыявала стварэнне першай беларускай дыстанцыйнай школы, па заканчэнні якой вучні атрымаюць атэстат дзяржаўнага ўзору Украіны.
Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя