Анатоль Брусевіч: „Крылы” – мая лепшая кніга



Першая прэзентацыя зборніка вершаў гарадзенскага паэта Анатоля Брусевіча “Крылы”  адбылася ў актавай зале Свята-Пакроўскага сабора. За гадзіну сустрэчы вершы Брусевіча чытаў сам аўтар, яго сын Алесь і адзін з вершаў прагучаў у выглядзе песні.

Пра сваю кнігу распавядае Анатоль Брусевіч:

–  Першае, што гэта апошняя кніга. Кожная апошняя кніжка заўсёды лепшая, чым папярэдняя. Таму што кожную новую кнігу трэба неяк па-новаму рабіць. Яна і па аб’ёму ў чатыры разы ці ў пяць большая за папярэднія. Яна выйшла ў цвёрдай вокладцы, там прыгожая прадмова нашай маці гарадзенскага  літпрацэсу – Дануты Бічэль-Загнетавай. Над кнігай, акрамя мяне, працавалі рэдактар Марына Шапялевіч і выдавец Аляксандр Рыжы. Вокладка вельмі добрая, таму што свайго анёла на вокладку пазычыў гарадзенскі мастак Аляксандр  Сільвановіч. Таму я шчаслівы.

Пра адметнасць творчасці Брусевіча кажа кіраўнік гарадзенскай філіі Саюза беларускіх пісьменнікаў Янка Трацяк:

– Захаваў свае погляды як такога маладога паэта яшчэ 90-х гадоў, паэта той групы, як Юры Гумянюк яе называў “маладая генерацыя”. Самым маладым з іх быў якраз Анатоль Брусевіч. Ён і сёння здзіўляе і ўражвае сваёй творчасцю. Гэта вельмі важна, бо ў нас піша шмат хто. Але іншы раз пішуць, прачытаеш і на заўтра ўжо не памятаеш, што чалавек пісаў. А тут ужо прачытаеш і памятаеш вобраз, нейкі выраз, рыфму, метафару. Гэта Анатоль Брусевіч.

Сустрэча сабрала каля паўсотні гарадзенцаў, а напрыканцы сустрэчы, каб пазнаёміцца з новым творам Брусевіча завітаў святар Антоній, які 13 чэрвеня 2021 года прызначаны епіскапам Гарадзенскім і Ваўкавыскім.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота Сяргея Апановіча