Анатоль Брусевіч: Я чакаў гэтую прэмію 15 год



Гарадзенскі паэт і перакладчык Анатоль Брусевіч стаў лаўрэатам прэміі часопіса “Дзеяслоў” – “Залаты апостраф”. Анатоль Брусевіч стаў лаўрэатам у галіне паэзія і стаў першым гарадзенцам за 15 год існавання гэтай прэміі.

Пра свае ўражанні распавядае Анатоль Брусевіч:

– Я гэтую прэмію чакаў усе 15 гадоў, як толькі яна ўзнікла. Вядома, што на першых парах можа і не разлічваў на яе, але апошнія 5-7 гадоў я рэгулярна трапляў у кароткі спіс, але толькі з трэцяга разу з кароткага спісу адразу патрапіў у лаўрэаты. Для мяне гэтая прэмія вельмі-вельмі істотная. Не толькі для мяне, але і для сучаснай беларускай літаратуры – гэта адна з самых ганаровых прэмій. Таму што яна самая старая прэмія ў сучасным беларускім літаратурным працэсе.

Паэт Анатоль Брусевіч раіць маладым паэтам і пісьменнікам не хаваць свае творы, і рэкамендуе вялікую колькасць пляцовак, дзе можна друкавацца:

– Ёсць  у нас вельмі добрыя пляцоўкі. “Дзеяслоў” друкуе і пачаткоўцаў. Нават і прэмія ёсць “Залаты апостраф” для дэбютантаў. Гарадзенцам я раю друкавацца ў нашым альманаху “Новы замак”. Раю пасылаць у замежныя выданні. Напрыклад, вельмі добры часопіс, які выходзіць раз у год, – беластоцкі часопіс “Тэрмапілы”. Рэдактар Ян Чыквін. Ён з задавальненнем друкуе добрыя творы. Ёсць дзе друкавацца, абы было жаданне і натхняла муза.

Сярод лаўрэатаў прэміі “Залаты апостраф” такія вядомыя пісьменнікі і паэты як Васіль Быкаў і Генадзь Бураўкін, Алесь Разанаў і Міхась Скобла, а сярод маладых аўтараў такія ўжо дастаткова вядомыя як Віталь Рыжкоў і Алесь Плотка, Франак Вячорка і Глеб Лабадзенка.    

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня

Фота facebook.com/litbel