Анатоль Сыс: Дзякуй Богу, што мы не паміраем усе разам
У Менску ў Палацы мастацва адбылася прэзентацыя кнігі Анатоля Сыса „Берагі майго юнацтва”. Паэт напісаў вершы для гэтага зборніка ў студэнцкія часы, але палічыў іх слабымі і спаліў друкапіс. У 2010 годзе ў бацькоўскім доме паэта копію друкапіса адшукаў літаратуразнаўца Алесь Бяляцкі. Разам з Эдуардам Акуліным сёлета яны выдалі гэты зборнік.
Наш карэспандэнт Віталь Сямашка пагутарыў з некаторымі ўдзельнікамі прэзентацыі.
РР: Штосьці я не магу прыгадаць, каб Анатоль Сыс друкаваў свае вершы пад капірку.
Алесь Бяляцкі: Звычайная рэч, калі чалавек працуе на друкарцы. Як гэта было раней, мы рабілі некалькі копій тэкста – тры-чатыры, колькі прабівалася. І ўлічваючы, што ў гэтым архіве, які захоўваўся ў хаце Анатоля Сыса ў Гарошкаве, быў таксама канверт, пазначаны пячаткай Саюза пісьменнікаў, то фактычна мы мелі першы варыянт гэтага зборніка, які ў свой час быў дасланы ў Саюз пісьменнікаў, потым негатыўна адрэцэнзаваны, і вернуты ямы назад. Ён вучыўся тады на 4 курсе ўніверсітэта. Таму зборнік гэты прыйшоў яму назад у Гомель. І мабыць з Гомеля ён і быў схаваны ў гэтай шуфлядзе больш чым на 30 гадоў.
РР: Анатоль проста забыў пра яго? Ці гэта адмыслова?
Алесь Бяляцкі: Я лічу, што адмыслова. Таму што два вершы з гэтага зборніка потым з’явіліся ў іншых ягоных зборніках. Але там было больш вершаў. Там яшчэ быў сшытак чарнавых вершаў, дзе таксама было занатавана некалькі дзясяткаў вершаў. Агульная колькасць новых вершаў, якія з’явіліся ў гэтым новым зборніку “Берагі майго юнацтва”, больш за 100. Мы фактычна адкрылі невядомага Сыса, ягоныя вершы, якія былі напісаныя ў час маладосці – з 18 да 22 гадоў.
РР: Як адрозніваецца Сыс гомельскі, ад Сыса менскага?
Алесь Бяляцкі: Ён быў надзвычый шчыры да наіўнасці. І ў яго была вельмі вялікая прывязанасць да месца свайго нараджэння. Таму багата вершаў былі прысвечаны менавіта Гомелю, Гарошкаву. Там быў яшчэ малады рамантызм. Які потым паступова ў яго пачаў знікаць. А там сапраўдны лірычны голас юнака, які толькі ўваходзіў, як яму здавлася, у бязмежны і рамантычны жыццёвы свет. Але гэты жыццёвы свет моцна абпаліў яму крылы. Сапраўды, можна праназіраць, маючы гэты зборнік, увесь шлях яго творчага развіцця – ад пачатку, да апошняга вершу. Ён сапраўды жыў паэзіяй, ён жыў у паэзіі, ён глядзеў на гэты свет праз паэзію. Таму, канешне, быў шчаслівым чалавекам.
РР: Вы былі шчыльна знаёмыя з Анатолем?
Анатаніна Хатэнка, культуролаг: Ну так, шмат што цяпер успамінаецца і шмат што пераацэньваецца насамрэч. Анатоль Сыс толькі цяпер для мяне, па праўдзе, адкрываецца ў той сваёй глыбіні і вышіні, якой ён сягнуў. Апафеоз ягонай раскрытасці трохі адштурхоўваў суб’ктыўна мяне. Здавалася, што чалавек занадта сам сябе заяўляе, рэкламуе. Можа з цягам часу мы дарастаем да нейкіх сакральных рэчаў, закладзеных у творчасці. Я ездзіла разам з Саюзам пісьменнакаў да магілы ў Гарошкаве. Адкрыла для сябе вось гэтую адпачатнасць ягонай творчасці. Гэта цэльная асоба, з усімі ягонымі заганамі, пра якія мы ведалі. З усімі ягонымі ўнутранымі пакутамі. Але асоба, якая заняла сваё месца ў гісторыі літаратуры.
РР: А што ў Гарошкаве найбольш уразіла?
Анатаніна Хатэнка: Самі могілкі. Ніколі не бачыла могілак у бярозавым гаі. Бяроза наагул у нашай міталогіі – гэта дрэва духу. Яднае чалавечую душу з душой космасу. Бяроза – гэта вельмі тонкае ўспрыманне ўсяго, што ёсць вакол. Ён стварыў вобраз Беларусі, той, у якую ён укінуўся аднекуль, як мы ўсе, і якую ён усю праз сябе прапусціў.
РР: Спадар Уладзімір, вы з Генадзем Мікалаевічам Бураўкіным былі адны з тых, хто апекаваў Анатоля Сыса не толькі ў творчасці, але і ў жыцці. Чаму сёння не хапае такога паэта і чалавека, як Толя Сыс?
Уладзімір Някляеў: Калі вы згадалі Бураўкіна, то я ўспомніў, як прыйшоўшы да яго пасля пахавання Барадуліна, прачытаў яму верш, прысвечаны Рыгору, і ён сказаў літаральна так: дзякуй Богу, што мы не паміраем усе разам. Я спачатку не зразумеў. Ён тады ўжо кепска пачуваўся. І ведаў, што хутка ягоная чарга адлятаць у Вырай за сваім найдарагім сябрам. А пасля ўцяміў, чаму не ўсе разам. І сёння, дзякуючы таму, што ёсць тыя людзі, якія чытаюць беларускія вершы, якія любяць Беларусь і яе паэтаў, сабраліся, каб адзначыць выхад ягонай як бы першай кнігі.
Гутарыў Віталь Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя