Анатоль Тадорскі: Колькі папросіш, столькі і заплацяць!



У кнігарні ці ў бібліятэцы мы найперш звяртаем увагу на вокладку. Потым  на прозвішча аўтара – знаёмае яно нам ці не. І толькі потым чытаем анатацыю кнігі.

Так, прынамсі, сцвярджаюць кніжные маркетолагі.

Але ж праца і асоба кніжнага графіка звычайна застаецца ў цені.

Tadorsky_01

Як будуюцца ўзаемаадносіны мастака, пісьменніка і выдаўца? Колькі зарабляюць беларускія кніжныя ілюстратары? Чаму нельга звязвацца з маскоўскімі выдаўцамі?

З Анатолем Тадорскім, адным з найцікавейшых беларускіх кніжных графікаў, пагутарыў Марцін Война.

РР: Выдаўцы сцвярджаюць, што “вокладка можа зрабіць наклад”. То бок: нават калі тэкст не надта ўдалы, а вокладка цікавая, кніжка мае шанцы на добрыя продажы. Гэта так?

Анатоль Тадорскі: Безумоўна! Бо гэта, як то банальна не гучыць, сваеасаблівы “твар кнігі”. Вокладка – гэта магніт, які вабіць і прыцягвае энэргетыкай. І нават калі тэкст не надта дасканалы, то кніга можа праскочыць “нахаляву”, і ўвесь наклад будзе прададзены менавіта дзякуючы ўдалай вокладцы. Калі, ўмоўна кажучы, умоўны празаік Хвёдар Неўмянько выпусціў кніжку слабых тэкстаў, то наступным разам чытач ведацьма, што празаік Хвёдар Неўмянько – мудак і член БРСМ, і тут ніякая вокладка не ўратуе!

РР: Ілюстрацыя кнігі – гэта асобны твор мастацтва, ці ўсё ж – падпарадкаваны і негалоўны?

Анатоль Тадорскі: Безумоўна, асобны твор мастацтва. У свой час я б напэўна прайшоў міма перакладаў Люіса Кэрала ці “Зборніка беларускіх казак”, каб не тыя цудоўныя ілюстрацыі Генадзя Каліноўскага ці Валера Славука. Так гэтыя кніжкі і сталі маімі настольнымі. Яшчэ тады, даўно, я глядзеў на іх і думаў: “Я таксама хачу так!” Не ў сэнсе – капіраваць, але рабіць гэтак жа крута. А вось Сяргей Даўлатаў “зайшоў” без усялякіх ілюстрацый. Я чытаў яшчэ “міцькоўскае” выданне, пачатку 90-х. Я ўвогуле не аматар усяго гэтага ленінградскага, рок-клубаўскага, міцькоўскага. Але кніжка зайшла “на ўра”. Так што няма тут нейкага адзінага, універсальнага рэцэпту…

РР: Пісьменнік стварае свой уласны сусвет і, напэўна, хоча пабачыць адлюстраванне ўласнага сусвету на вокладцы. Але ж у ілюстратара можа быць сваё бачанне тэкста…

Анатоль Тадорскі: Перш-наперш, аўтару не зашкодзіць азнаёміцца з партфоліа мастака. Дакладна вызначыцца, ці “ягоны” гэты мастак, ці падыходзіць стылёва. Цяпер гэта не праблема – у Сеціве кожны мастак мае старонку. А так… Бываюць непаразуменні, вядома ж! Напрыклад, аўтар звяртаецца да мастака. Аўтару трэба нешта такое ўзнёслае, празрыстае! А мастак тут рок-н-рольны. Ён робіць нешта кшталту панк-рока, памножанага на сайкабілі…

РР: Ва ўзаемаадносінах пісьменніка і ілюстратара ёсць і трэці бок: выдавец. Бывае такое, што пісьменніка і ілюстратара ўсё задавальняе, а выдавец кажа – “не падыходзіць”?

Анатоль Тадорскі: Прыемна бачыць чалавека, занятага непасрэдна сваёй справай. Я так разумею, што “выдавец” – гэта ад слова “выдаваць”, то бок гэта такі чалавек, які выдае кнігі, а не лезе ў творчы працэс. Не, бывае, што і выдаўцы даюць слушныя парады, але часцей за ўсё – гэта нейкія паведамленні “на медыцынскую тэму”. То бок выдавец пачынае лекаваць мастака…

РР: Ты працаваў шмат з якімі выдаўцамі, у тым ліку і з маскоўскім выдавецтвам “Эксмо”, найбуйнейшым на постсавецкай прасторы. Раскажы падрабязней!

Анатоль Тадорскі: Так, было такое… Працаваў з імі роўна да таго часу, пакуль на тле ўкраінскіх падзеяў у іх там не пачало масава “зрываць дах”. У іх там выдаюць кніжкі кшталту “Крым – наш!” ці “Одесский крематорий”. Ці гэта літаратура? Не, гэта, калі ласка, без мяне. Пашукайце мастака дзе ў Арзамасе ці ў Хімках.

РР: Быў калісь такі савецкі анекдот: мастакам таму і шмат плацяць, каб яны грошы не малявалі. Колькі плацяць ілюстратарам?

Анатоль Тадорскі: Колькі папросіш, столькі і заплацяць!

РР: Ці можна сёння гаварыць пра беларускую школу кніжнай ілюстрацыі? 

Анатоль Тадорскі: Я, Анатоль Іванавіч Тадорскі, беларускі мастак, у свой час скончыў Дзятлавіцкую сярэднюю школу Лунінецкага раёна Берасцейскай вобласці. Больш ні да якіх школаў адносінаў не меў і не маю. Як каму падабаецца – хай вылучае асобную школу беларускай кніжнай графікі. Але, як на мой капыл – гэта тое ж самае, што “школа партугальскага хардкора” ці “угорскага джаза”. Асабліва для мяне і Славук, і Татарнікаў – гэта класныя, выбітныя беларускія мастакі. Але я не прывязваю іх да нейкіх школаў.  

Цяпер Анатоль Тадорскі  працуе над анімацыйным серыялам “Рулетка беларуская”, прысвечаным малавядомым старонкам беларускай гісторыі. Імёны сцэнарыстаў “Рулеткі беларускай” пакуль трымаюцца ў сакрэце. Прэм’ера першай анімацыйнай серыі, пра прыгоды Якуба Ясінскага, чакаецца праз месяц.

[Not a valid template]

Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя

Карцінкі: Анатоль Тадорскі, ілюстрацыі твораў беларускіх пісьменнікаў.