Анатоль Вап: У Беларусі і Падляшша тысячагадовая гісторыя!
12 чэрвеня пачаліся афіцыйныя сустрэчы ды перамовы аб далейшым супрацоўніцтве паміж Падляшшам ды Беларуссю ў дырэктара дэпартаменту культуры Маршалкоўскай управы ваяводства Анатоля Вапы. Учора ён браў удзел у адкрыцці ў Нацыянальнай бібліятэцы выставы “Дух рэлігійных традыцый і друкаваная ікона”. Калекцыю з каляровых адбіткаў у алеадруку 45 святых абразоў прывезлі для агляду з Музея вёскі імя ксяндза Кшыштафа Клюка ў Цеханаўцы, што на Падляшшы. Іх дапоўнілі 22 іконы з Дзяржаўнага музея народнай архітэктуры і побыту ў Менску.
РР: Спадар Анатоль, вы гаворыце па-беларуску, значыць, адносіцеся да 50 тысяч, што афіцыйна ў вашым ваяводстве запісаліся беларусамі?
Анатоль Вап: (смяецца ) Дакладна так! Я па адукацыі гісторык, даследаваў яе вайсковы напрамак. Але цяпер даводзіцца займацца рознымі галінамі культуры…
РР: Прынамсі, з музеям народнай архітэктуры і побыту Вы заключылі пагадненне аб супрацоўніцтве два гады таму?
Анатоль Вап: Так, і яно штораз становіцца больш пульхным. Зараз робім выставу ў Менску, у наступным годзе ваш музей выставіцца ў нас, у Цеханоўцы. Пасля мы зноў да вас! Тым больш, наш музей мае экспанаты, якіх у цэлай Польшчы няма. Тыя 45 абразоў, што мы прывезлі, закупленыя альбо перададзеныя з уласных хатаў самымі падляшцамі. А трэба памятаць, што на такім трансгранічным памежжы раней у католікаў віселі і праваслаўныя абразы і наадварот у праваслаўных каталіцкія. Гэта зараз усе пераборлівыя… (смех )
РР: Але колькі год таму, паводле апытанняў, беларусамі пачувалі сабе да 100 тысяч чалавек. Што – палова адраклася ад свайго паходжання?
Анатоль Вап: На самай справе, раней не было такіх перапісаў. Тыя 50 тысяч – гэта свядомыя беларусы, што не баяцца вызначацца, што яны належаць не тытульнай нацыі. А як гаварылі тыя 100 тысяч на падляшскім дыялекце, што спалучае беларускую мову з паланізмамі, так і гавораць. Асабіста ў мяне праблем не было – я родам з тае часткі Падляшша, дзе гучала наша літаратурная мова – ад бацькоў і дзядоў. Так што ў школцы вучыўся не гаварыць, а толькі пісаць па-беларуску…
РР: Было вельмі смешна, калі ў першыя прыезды на “Басовішча”, у Гайнаўку, мае “савецкія” калегі спрабавалі гаварыць з тутэйшымі на ломанай польскай мове, а тыя адказвалі па-беларуску. Спыняліся толькі, калі казаў ім – прачысціце вушы! Але якія праявы беларушчыны ў Падляшшы сёння яскрава захаваліся?
Анатоль Вап: Хай часцей беларусы ўважліва чытаюць той жа сайт “Радыё Рацыя” – колькі нацыянальных імпрэзаў, пачынаючы ад узгаданага “Басовішча” да фальклорных святаў і “Бардаўскай восені”. Адкрыліся дзесяткі беларускамоўных школак, дзе моладзь хоча захаваць сваю аўтэнтыку, традыцыі. Ці “Вілас Сакратас”, што спачатку апекаваў, калі быў жывы, Сакрат Яновіч, цяпер сусветна вядомы мастак Лёнік Тарасэвіч. Выдаюць мноства літаратуры беларускай – прозы, паэзіі, гістарычныя кнігі.
РР: Было б вельмі карысна, каб больш інтэнсіўна развіваліся і эканамічныя стасункі з найбольш этнічна блізкім Беларусі Падляшшам. Дарэчы, вашы жыхары адчуваюць на сабе, што за апошнія чатыры гады таваразварот паміж Польшчай і Беларуссю ўзрос з 1,6 млрд даляраў да 2,4?
Анатоль Вап: Вядома, крэўна зацікаўленыя. Дайце веры – чым больш беларусаў да нас прыязджае, у тым ліку, па лініі памежнага гандлю, тым больш грошай застаецца і ў бюджэце Падляшша.
РР: Будуць больш цесныя сувязі, зрушыцца некалі і палітычная міждзяржаўная сцяна, што існуе?
Анатоль Вап: Людзі на яе не надта звяртаюць увагі. А ў культуры заўсёды супрацоўнічаць можна і трэба. Балазе, у нас і супольная тысячагадовая гісторыя…
Выстава “Дух рэлігійных традыцый у літаграфіях” будзе працаваць у галерэі “Лабірынт”, што ў Нацыянальнай бібліятэцы, штодзень да 27 жніўня.
Віталь Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя