Анатоль Вярцінскі: Артыкулы пра Курапаты складана траплялі ў друк
У Менску завяршаецца выстава «Праўда пра Курапаты». Дакументальна-мастацкую экспазіцыю ў фае Палаца мастацтваў пабачылі болей за 2 тысячы чалавек. Праца выставы была падоўжаная на 2 дні.
Увогуле першае адкрыццё Курапатаў грамадскасці адбылося 3 чэрвеня 1988 году, калі газета “Літаратура і мастацтва” апублікавала артыкул Зянона Пазьняка і Яўгена Шмыгалёва пра месца масавых расстрэлаў пад Менскам. Узгадвае тагачасны галоўны рэдактар “ЛіМу”, паэта Анатоль Вярцінскі:
– Другая публікацыя для мяне праходзіла, як рэдактара, на многа цяжэй, чым першая. Мне і Зянону Пазьняку прыйшлося пахадзіць па чыноўніцкіх кабінетах, для таго, каб мы, я маю на ўвазе супрацоўнікі “ЛіМу”, маглі артыкул надрукаваць. Нам прыйшлося спрачацца з тымі, хто сцвярджаў, што “ЛіМ” паспяшаўся надрукаваць артыкул Занона Пазьняка і Яўгена Шмыгалёва.
«Праўда пра Курапаты» — першая ў Беларусі выстава, якая расказвае пра народны мемарыял. Ужо сёлета выстава можа стаць перасоўнай. Яе могуць паказаць у іншых гарадах Беларусі. Верагодна, што налета пашыраная экспазіцыя пра Курапаты размесціцца ў вялікай зале Палаца Мастацтваў у Менску.
Стас Дэдэрка, Беларускае Радыё Рацыя