Андрэй Адамовіч на гарадзенскай “Мове Нанова”
Адзін з вядомых сучасных беларускіх пісьменнікаў Андрэй Адамовіч , кніга якога “Песьня пра Цімура” названа экспертамі “Радыё Свабода” лепшай кнігай 2019 года, наведаў курсы “Мова Нанова Гародня”.
Пра Андрэя Адамовіча кажа вядоўца гарадзенскіх курсаў Эмілія Гаўрус:
– Пра яго мы чулі даволі шмат. У 2019 годзе яго кніга прызнана адной з найлепшых за год. Таму, канешне, аўтар нас зацікавіў. І мы вырашылі яго паклікаць, асабліва ўлічваючы , што кніга правакацыйная. Збірае шмат розных рэцэнзій – і станоўчых, і не вельмі. Таму нам было цікава пазнаёміцца з гэтым аўтарам.
Сярод герояў кнігі Андрэя Адамовіча – сучасныя пісьменнікі і спевакі, такія як Хадановіч, Рыжкоў, Саладуха. Чаму былі абраныя гэтыя асобы, кажа Андрэй Адамовіч:
– Гэтыя людзі, якіх я ведаў, да якіх я добра стаўлюся. Адзінае хачу сказаць, калі хтосьці рэальна лічыць, што прачытае пра Цімура Хоміча – рэальнага чалавека, ці пра Віталя Рыжкова, ці пра Андрэя Хадановіча – рэальных людзей, то гэта не так, там больш ад іх проста імёны. Спачатку гэта быў проста тэхнічны прыём. Я ўзяў імёны, каб героі не блыталіся. Таму што, калі ты назавеш героя нейкім выпадковым імем, скажам, Зянон Пазьняк, то да канца ты зможаш яго пераблытаць з Рымашэўскім ці Мілінкевічам, што гарадзенцам больш блізка.
На сустрэчы пісьменнік распавёў пра сваю творчасць, пра сустрэчы з вядомымі людзьмі, а таксама падарожжа па розных гарадах Беларусі, дзе ён выступаў на курсах Мова Нанова.
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня
Фота Сяргея Апановіча