Андрэй Алексеенка: Уцекачом сябе не лічу



Вядомы музыка, экс-бубнач гуртоў  „Ірдарат” і „Танкіхода”  Андрэй Алексеенка, што пераехаў ў Грузію, лічыць, што ён знаходзіцца ў творчай камандзіроўцы і вельмі сумуе па сваіх калегах.

Пра сваю працу за мяжой распавядае Андрэй Алексеенка:

– Я бяру ўдзел у міжнародным камерцыйным музычным праекце, запісваем трэкі для альбома, пішам сінглы. Таму я ўцекачом сябе не лічу. Намер з’ехаць быў яшчэ да той справы з „Ірдаратам”. Я прыняў такое рашэнне ў лепшыя часы, скажам так, паступіла проста прапанова, і я ўзяў квіток на 9 жніўня. А пасля вы ведаеце, што адбылося, затрымалі Антося Шніпа, Пятра і Юлю на паўтары гады. Таму мне цяжка зараз гаварыць. Я займаюся ў Тбілісі тым, чым займаўся – музыкай.

Па словах Андрэя Алексеенкі, ён збіраецца выкладаць музычныя інструменты ў Грузіі і спадзяецца на дапамогу дыяспары:

 – Збіраюся прапанаваць выкладанне па-расейску, па-беларуску і па-ангельску. Паколькі я больш-менш валодаю ангельскай, то, магчыма, і грузінскую вывучу. Планы ў мяне на яе вялікія. Думаю, што тут у мяне знойдуцца вучні.

У Беларусі Андрэй Алексеенка неаднаразова ўдзельнічаў у дваровых канцэртах і быў затрыманы. У Грузіі музыка пакуль абжываецца і стварае свой асяродак.

Беларускае Радыё Рацыя