Андрэй Бардухаеў-Арол пра прэм’еру „Ulenspiegel”
Тыдзень беларускага тэатра адбудзецца ў Варшаве. Падчас яго можна будзе ўбачыць пастаноўкі ад „Team Theatre”: „Время секонд хэнд” па творы Святланы Алексіевіч, музычны праект „Замова”, а таксама спектакль пра падзеі 9-14 жніўня ў беларускіх РАУСах „Мора Хрысціны”. Роўна ж у гадавіну выбараў – 9 жніўня – артысты зладзяць прэм’еру „Ulenspiegel”, прысвечаную бунту, свабодзе і гульні.
Пра будучы дэбют і сённяшняе жыццё тэатра наш карэспандэнт Марына Савіцкая паразмаўляла з „Госцем Рацыі”, мастацкім кіраўніком „Team Theatre” Андрэем Бардухаевым-Арлом.
РР: Распавядзіце калі ласка больш падрабязней пра прэм’еру.
– Нельга напэўна пра гэты спектакль штосьці сказаць канкрэтнае, бо гэта твор, які зроблены на выявах, на нязвыклым мастацкім увасабленні, звыклай формы тут няма. Тут набор замалёвак, карцінак, якія звязаныя з лёсам галоўнага героя. Мы не карысталіся ніякім мастацкім творам, прысвечаным нашаму герою, гэта не будзе апрацоўка. Гэта тое, што мы робім самі. Кожны з нас працуе над сваім вобразам і калектыўна мы ўсё складаем у нейкую мазаіку. Карыстаючыся звесткамі пра Ціля, менавіта народнымі, якія існуюць у паданнях, у казках, у гістарычных анекдотах. Нам хацелася б, каб гэта гэта была гісторыя чалавека, які можа быць зараз з намі. Звычайны чалавек, не героя, са сваімі адзнакамі. Як у кожнага чалавека ў нас ёсць здольнасці да дабра і здольнасці да зла. Хацелася б паказаць гэтую барацьбу ў самім чалавеку. Канешне гэта гісторыя барацьбы чалавека супраць гэтай хімеры, якую мы называем дзяржавай, у дрэнным разуменні гэтага слова. Канешне нам таксама хацелася б, каб была тая паралель з падзеямі, якія адбыліся ў нас у 2020 годзе і цягнуцца да гэтага часу. Я спадзяюся гэта ў нас атрымаецца.
РР: Артысты, якія будуць задзейнічаны, гэта артысты вашага тэатру?
– Толькі акторы нашага тэатру. Наша каманда шэсць актораў: Андрэй і Даша Новік, Макісм Шышко, Маша Пятровіч, ну і мы з жонкай. Так здарылася, што тут у Польшчы нашы тры сям’і сустрэліся, вось наша асноўная група. Удзельнічаюць толькі акторы нашага тэатру.
РР: Як змяняецца попыт гледачоў да таго, што адбываецца ў беларускім тэатры?
– Па маім адчуванні, калі мы прыехалі сюды, таксама вымушаны былі прыехаць, нам пагражала крыміналка. Мы наогул не ведалі, што рабіць, як быць, бо ні грошаў, ні працы. Напэўна ў той час, калі мы пачалі працаваць, то большасць з нашых гледачоў, большасць з нашай аўдыторыі, была прыкладна ў тым жа стане, што і мы. Зразумела, што было не да тэатру, ні да мастацтва наогул. Калі людзі пачалі прыходзіць у сябе і неяк больш адэкватна глядзець на становішча, на тое, што адбываецца вакол, на тое, што адбываецца ў нашай Беларусі, зацікаўленасць зноўку з’яўляецца і людзі прыходзяць да нас ужо свядома, а не напэўна, як было напачатку. Людзі хапаліся, як за штосьці роднае, каб дакрануцца да таго. Цяпер гэта ўжо свядомы выбар, людзі хочуць далучацца да таго, што нас яднае. Я не скажу, што ўспаміны, але гэта нашыя адносіны да сучаснасці, да таго, што адбываецца зараз.
Сачыць за жыццём „Team Theatre” можна ў Інстаграм па спасылцы.
Беларускае Радыё Рацыя