Андрэй Чарнякевіч пра гісторыю святкавання 25-га сакавіка
Сёлета на Дзень Волі не будзе праводзіцца масавая акцыя з-за пандэміі каронавірусу. Традыцыя адзначэння 25-га сакавіка мае стогадовую традыцыю, толькі ў часы бальшавіцкага і польскага панавання на беларускіх землях свята не магло адзначацца публічна.
„Госць Рацыі” гісторык, кандыдат гістарычных навук Андрэй Чарнякевіч:
– Калі казаць пра традыцыі святкавання 25-га сакавіка – Дзень абвяшчэння незалежнасі БНР ці свята Трэцяй устаноўчай граматы, то гэтым Гародня можа ганарыцца. Першая гадавіна была адзначана менавіта ў нашым горадзе. Само гэта свята ці падзея, звязаныя з гэтым, падзяліліся на некалькі сустрэч. Справа ў тым, што Гародня вясной 1919 года стала нефармальнай другой сталіцай БНР. Тут сабраліся найбольш актыўныя беларускія дзеячы, як з Менску, так і з іншых наваколляў, мясцовы беларускі рух таксама падымаў галаву. Што праўда гэта паспрыяла пэўнаму двоеўладдзю – падзелу на розныя групоўкі, якія часам канкуравалі паміж сабой. У выніку ў 1919 годзе свята 25-га сакавіка адзначалася адразу некалькі разоў. На пачатку 22-га сакавіка ў адным з гарадзенскіх гатэляў сабраліся дзеячы беларускага руху. Перш за ўсё гэта былі прадстаўнікі ўрада БНР, мясцовага нацыянальнага камітэта, каб развітацца з кіраўнікамі ўрада – Луцкевічам, Цвікевічам ды іншымі, якія збіраліся выехаць па-за межы Беларусі, каб пачаць актыўную дыпламатычную дзейнасць. На сустрэчы-развітанні таксама адзначалася гадавіна, то бок 22-га сакавіка 1919 года. Наступным разам, ужо ў клубе „Беларуская хатка”, якая мясцілася хутчэй за ўсё па сённяшнім адрасе Савецкая 22 ці 23, ёсць розныя крыніцы, адзначалася гадавіна абвяшчэння незалежнасці БНР па ініцыятыве Беларускага нацыянальнага камітэта ў Гародні. Удзел узялі прадстаўнікі мясцовых беларускіх устаноў, вучні беларускай школкі зрабілі яскравае прадстаўленне. Былі таксама запрошаны прадстаўнікі іншых нацыянальнасцяў і палітычных партыяў. Напрыклад, з вельмі яскравай прамовай у падтрымку незалежнасці БНР выступіў адзін з дзеячаў мясцовай Польскай сацыялістычнай партыі (ППС). Выступілі прадстаўнікі мясцовых яўрэйскіх асяродкаў. Імпрэза атрымалася вельмі ўрачыстая, вельмі шчырая. Цікава, што з гэтай першай гадавіны захаваўся здымак, агульны здымак сяброў, якія выйшлі ў фае будынку, дзе адбывалася сустрэча, і на фоне бел-чырвона-белага сцяга зрабілі прыгожы здымак.
Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:
Урачыстае святкаванне першых угодкаў абвяшчэння БНР у Гародні.
Урачыстае святкаванне першых угодкаў 25 сакавіка сябрамі Тарыбы і беларускіх арганізацый у Гародні.
Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня