Андрэй Чарнякевіч пра Слуцкі збройны чын



27-га лістапада адзначаецца 100-годдзе Слуцкага збройнага чыну. Гэта кульмінацыйны пункт антыбальшавіцкага змагання ў Беларусі. Адчуванне сябе часткай маштабнага працэсу барацьбы за самастойнасць Беларусі падштурхоўвала да рашучых крокаў.

„Госць Рацыі” гарадзенскі гісторык Андрэй Чарнякевіч:

– Хацелася б канешне, каб усё беларускае грамадства адзначала, нават параўноўваючы са 100-годзем Беларускай Народнай Рэспублікі ці мінулагоднім перапахаваннем Каліноўскага, усё ж такі сённяшнія падзеі палітычныя ў Беларусі трошкі гэту гісторыю перакрываюць. Безумоўна, што выпадкі 100-гадовай даўніны, яны так ці інакш узгадваюцца. Наконт сялянскага паўстання, гэта зноў жа дыскусія пра сялянскую нацыю. Падзеі Слуцкага збройнага чыну ці Слуцкага паўстання безумоўна звязаны з беларускім сялянствам. Назваць іх сялянскімі ўсё ж такі гэта абагульненне. 

Тое, што  там аднымі з галоўных дзеючых асобаў былі сяляне – гэта бясспрэчна, але мы павінны памятаць пра тое, што сам Слуцк – гэта ўсё ж такі гарадскі асяродак, мястэчкі. Постацямі былі беларусы-жаўнеры, якія далучыліся або сябры Беларускай вайсковай камісіі, гэтыя ўзброеныя атрады. У дадзеным выпадку гэта вельмі агульнае атаясамленне. Гісторыя грамадзянскай вайны ведае менавіта сялянскія паўстанні, усё ж такі Слуцкі збройны чын тут адрозніваецца фактычна, нават вось на канкрэтных прыкладах мы можам пабачыць.

Калі мы трошкі паглыбімся ў гісторыю, то пабачым асаблівасць гэтага рэгіёна – Слуцка. Мы бачым выключныя прыклады і здольнасці да самакіравання, самаарганізацыі. Напрыклад, ужо ў часы Расейскай імперыі ў 20 стагоддзі гэта шмат у чым такі „залаты”, хлебны рэгіён з вялікімі магчымасцямі для нацыянальнага развіцця. Невыпадкова вось не так даўно даследчыкі, якія займаюцца вытокамі беларускага адраджэння, звярнулі ўвагу на тое, што большасць карэспандэнтаў „Нашай Нівы” паходзіць, у тым ліку, ёсць два такія рэгіёны, у тым ліку гэта якраз Слуцкі. Гэта яшчэ нашаніўскі перыяд. Калі браць ужо Першую сусветную, то Слуцк апынуўся па расейскі бок фронту. Ён шмат у чым пазбегнуў вайсковага знішчэння, а з іншага боку ён адчуў вельмі моцна гэты ціск палітынчых і эканамічных умоваў існавання ў ваколіцах фронту. Што цікава, ужо падчас польска-савейкай вайны ў 1920 годзе менавіта Слуцк, Слуцкі павет стаў адной з крыніцаў антыпольскага руху. Калі мы займаемся пытаннямі Слуцкага паўстання, то забываемся пра тое, што былі яшчэ падзеі вясны 1920 года, калі беларускія эсэры рыхтавалі ў Слуцку паўстанне, але не супраць бальшавікоў, а ў першую чаргу супраць мясцовай польскай адміністрацыі.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня