Андрэй Дынько: Будзем ладзіць уласную сістэму распаўсюду
«Наша гісторыя», папулярны гістарычны часопіс на беларускай мове, больш не будзе прадавацца ў газетных кіёсках. Дзіцячыя «Дуду» і «Асцярожна, дзеці!» — таксама. «Белсаюздрук» паведаміў, што ў аднабаковым рэжыме разарваў адносіны. Выдае гэтыя часопісы – рэдакцыя «Нашай Нівы». І тут дапускаюць чарговы крок ціску, на які могуць пайсці беларускія улады – іх могуць выкінуць з падпіскі «Белпошты».
Да гэтага варта быць гатовым, заўважае галоўны рэдактар часопісаў Андрэй Дынько:
– Ну што ж, выкінуць, то тады будзем ладзіць уласную сістэму распаўсюду, як калісьці газеты распаўсюджвалі з 2006 да 2008 года. Будзем прасіць, каб людзі давалі свае адрасы, і будзем самі дастаўляць. Пакуль ёсць падпіска, просім людзей падпісвацца. Шукайце часопіс у кнігарнях, у гіпермаркетах, на поштах. І будзем таксама два разы на месяц проста самі ў рэдакцыі прадаваць нашы часопісы, калі яны будуць выходзіць.
Пасля інфармацыі пра тое, што часопісы не будзе прадаваць дзяржаўнае прадпрыемства «Белсаюздрук» – на выходных зладзілі продаж у рэдакцыі. Ён ператварыўся ў своеасабліваю акцыю салідарнасці. За два дні прадалі больш часопісаў, чым звычайна за месяц, паведамляе «Наша ніва».
Цалкам гутарка ў далучаным гукавым файле:
Гутарыў Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя