Андрэй Хадановіч: Мусіць быць не скандал дзеля скандалу, а ўвага дзеля чытання
У студыі Беларускага Радыё Рацыя – паэт, перакладчык, старшыня Беларускага ПЭН-цэнтру – Андрэй Хадановіч.
РР: Давайце напачатку распавядзем пра імпрэзу, якая адбудзецца 12 чэрвеня ў Беластоку ў „Склепе з культурай” – вядомае беларускае месца тут на Падляшшы. І выступае тут Андрэй Хадановіч і не адзін.
Андрэй Хадановіч: Буду выступаць не адзін. Буду ў таварыстве… Хаця не паліткарэктна казаць “у таварыстве сваёй жонкі”. Таму я скажу інакш: апрача таго, што я маю гонар быць мужам Марыны Шоды… Марына Шода – выбітная беларуская выкладчыца, даследчыца культуры і перакладчыца пераважна сучаснай польскай прозы. Таму я буду гаварыць пераважна пра паэзію дзіцячую і дарослую, а спадарыня Марына пра праблемы перакладу, пра праблему прамоцыі кніжак і польска-беларускага абмену. Пра тое: хто чытач сёння польскай літаратуры і ці мае яна шанец увайсці ў кожны беларускі дом.
РР: Нядаўна Вы сталі дзіцячым паэтам, а чаму так сталася, што на дзіцячую творчасць Вас пацягнула?
Андрэй Хадановіч: Сюжэт адначасова шчаслівы і банальны. Кожны дарослы паэт, калі пашанцуе, мае шанец зрабіцца татам – адкрыць для сябе новы свет, новую абсалютна непаўторную слухачку музу і натхняльніцу. Так здарылася са мной і маёй прыўкраснай дачкой, якой нядаўна споўнілася 9. А кніга вершаў пісалася, калі ёй было 3, 4 гады, 5, 6, 8. Можна сказаць, што аўтар рос разам з музай і натхняльніцай. Разам змяняліся вершы ад наіўных дзіцячых гукаперайманняў, кшталту “вуць-вуць, вуць, кра-кра-кра качак пакарміць пара” альбо “кра-кра-кра, вуць-вуць, вуць, качкі да мяне плывуць”. Гэта для 2-3 гадовых слухачоў і слухачак. А ёсць больш сур’ёзныя пра праблему бацькоў, якія ўвесь час сварацца, бо не сыйдуцца ў канцэпцыі выхавання дзіцяці. У кніжцы “Нататкі таткі” ёсць вершы, як дзіцячыя, так і некалькі вершаў для бацькоў. Яны змяняліся, яны рабіліся больш праблемымі. Але я спадзяюся, што кніжка цэльная. Тым, хто чытаў мае дарослыя вершы, пазнаюць аўтара, але разам з тым дзіцячыя вершы выкінулі са мною шмат сюрпрызаў. Я ніколі не чакаў, што мог бы зрабіцца амаль сур’ёзным, амаль сентыментальным і нейкія мае тэксты будуць прабіваць на слязінку таго, хто раней прызвычаіўся іранічна шчэрыць зубы.
РР: А былі такія моманты, калі дачка казала: “Ой, тата, нешта не так! Нешта мусіш яшчэ падумаць і перарабіць!”
Андрэй Хадановіч: У прынцыпе, чытач, кліент – наш пан. А тут усё рабілася для дачкі. І, каля яна адчувае права першага чытання, першых эмоцый, яна, канечне, можа сказаць. Самы балючы мой досвед: я прыдумаў, як мне здавалася, адзін з найлепшых тэксцікаў у гэтай кнізе – верш пра шакаладную цукерку. І я акрылены: “Вершык! Вершык пра шакаладную цукерку! Хочаш вершык?” А яна: “Не хачу верш пра шакаладную цукерку. Хачу шакаладную цукерку!” Пры ўсё фантастычнасці дзіцячай літаратуры, жыццё само па сабе такая штука, з якой яшчэ трэба вытрымаць канкурэнцыю. Верш мусіць быць прыгожы, пластычны, як цацка і цукерка, а на іншае не варта і пагаджацца. “Дарослы” пісьменнік можа сказаць: “Мяне не зразумелі!” З дзіцёнкам – не пройдзе, не спадабалася з першай секунды – да пабачэння! Я пачаў пісаць дзіцячыя вершы ад лёгкай незадаволенасці тым, што ёсць. Добра, што ёсць Алег Мінкін, які пачаў укладаць трохтомную анталогію дзіцячай паэзіі. Але шмат тэкстаў альбо нудных, альбо як байкі, зроблены пад мараль. Мне здаецца, што ў 21-ым стагоддзі ніхто не здымаў з аўтара адказнасць – ты мусіш у дзіцячых вершах выхоўваць. Але, барані Божа, каб дзіцёнак спаймаў бы цябе на маралізатарстве, што ты спрабуеш ім маніпуляваць. У Беларуі бракуе абсурдысцкай традыцыі, якая была ў Польшчы. У Расеі былі аберыўты і Хармс. У нас тэксты больш “правільныя”, больш прычасаныя.
РР: Захацелася бы закрануць тэму дарослай літаратуры. Нядаўна прэмію імя Гедройца ўручылі. Я, як чалавек сучасны, шмат часу праводжу ў фейсбуку, і па тым, што я там чытаю, прэмія асацыюецца са скандаламі і бульба… не будзем гаварыць гэтае слова.
Андрэй Хадановіч: Бульба-шоў.
РР: Так, назавем гэта Бульба-шоў. А такія фейсбук-скандалы перашкаджаюць беларускай літаратуры?
Андрэй Хадановіч: Яны і замінаюць і разам з тым у 21-ым стагоддзі дапамагаюць. Калі Альгерд Бахарэвіч выпусціў свой “Гамбургскі рахунак” з эсе пра Каяна Лупаку – савецкага Янку Купалу. Эсе шмат каго абразіла. Але прадаўцы кнігарні „Логвінаў” казалі, што імкліва падскочыў продаж кніг двух аўтараў – Альгерада Бахарэвіча і Янкі Купалы. Значыць, і правакацыя чамусьці служыць. Іншая справа – не хацелася бы ісці ў ногу з жаўцізною эпохі, каб пра сур’ёзную глыбокую літаратуру, якой з’яўляецца і Альгерд Бахарэвіч (нягледзячы на скандальную абгортку), і Віктар Апанасавіч Казько, каб пра такую літаратуру гаварылі выключна ў кантэксце нейкага скандалу.
РР: Вельмі важна тут не перабольшыць?
Андрэй Хадановіч: Альбо нават, справакаваўшы скандал, нейкае поле ўвагі, разам з тым выкруціць стылістыку. Мусіць быць не скандал дзеля скандалу, а ўвага дзеля чытання. Вось варты ці не варты? „Дзеці Аліндаркі” альбо зборнік аповесцяў “Час збіраць косці”? Хай вырашаюць чытачы, прачытаўшы гэтыя дзве кніжкі. Калі ўдасца справакаваць прачытанне, то няхай пры гэтым будзе Бульба-шоў. Калі культура жывая, то дзеячы культуры – гэта не толькі мармуровыя і бронзавыя статуі і не старонкі ў хрэстаматыі, дзе вушы ці вусы можна падмаляваць. Гэта жывыя людзі са сваімі амбіцыямі, са сваімі нервамі, са сваімі правакацыямі, са сваім какецтвам. Гэтае чалавечае вымярэнне таксама мусіць прыцягваць увагу.
Цалкам гутарка ў далучаным гукавым файле
Гутарыў Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя