Андрэй Хадановіч: Праблемы з беларускай мовай за мяжой звязаны з праблемай Беларусі
Паэт і перакладчык Андрэй Хадановіч зладзіў невялікае падарожжа па Падляшшы і сустрэўся з беларускамоўнымі дзецьмі. Госць Рацыі распавёў аб выспе беларускай культуры ў Польшчы, паразважаў аб умовах, у якіх існуюць пісьменнікі ў выгнанні, а таксама падзяліўся, чаму Беларусь — заўсёды побач з намі.
РР: Вы праехалі па Падляшшы і выступілі перад дзецьмі, якія вывучаюць беларускую мову, калі ласка, распавядзіце, як гэта было і якія эмоцыі тады адчулі.
Андрэй Хадановіч: Гэта была ініцыятыва Міжнароднага саюза пісьменнікаў, як цяпер называецца адроджаны беларускі незалежны саюз пісьменнікаў, і ініцыятыва kamunikat.org, то бок майго выдаўца Яраслава Іванюка. Мы з ім разам ягонай машынай цягам двух дзён праехалі па чатырох школах і ліцэях, і чатыры разы выступілі. Вельмі розныя эмоцыі. Па-першае, зразумела, што юныя слухачы і слухачкі – гэта здорава, гэта чыстая энергія, гэта любоў, гэта шчырасць, гэта зваротная рэакцыя, якая дадае сіл. Па-другое, сам факт існавання маленькай Беларусі на Падляшшы, гэта таксама цуд, адзінае, я тут удакладню, калі мы самі будзем рупіцца пра тое, каб ён доўжыўся. Вось тут ужо могуць быць трывожныя словы, бо працэсы адбываюцца тыя ж самыя, што і Беларусі.
Як беларуская мова маргіналізуецца і занепадае ў тытульнай краіне з назвай Беларусь, не маючы дзяржаўнага спрыяння і падтрымкі, так і ў Польшчы, заканамерна, без падтрымкі маргіналізуецца, змяншаецца, слабее, перасыхаюць ручаінкі жывой моўнай стыхіі. Я гэта пабачыў падчас сустрэчаў. Ёсць словы, якія добра разумеюцца, а ёсць канструкцыі, дзе слухачам, слухачкам ужо трэба было напружацца, камунікацыя як бы была не поўная.
Аўтар мусіў «пастаяць на вушах» і паскакаць, каб гэты камунікацыйны бар’ер знішчыць, каб растапіць нейкі насцярожаны халадок людзей, якія не да канца цябе разумеюць. Але ёсць некалькі падтрымак. Гэта значыць, што пэўныя свае тэксты я магу рэпападобна прачытаць, штосьці ператварыць у перформанс, чытаючы, а дзесьці скарыстацца дапамогай гітары, заспяваўшы свае пераклады, альбо каверы. Трэба сказаць, што ў складаных сітуацыях я гэтым карыстаўся.
Вось такая трывога, якую я агучу. Калі мы сёння нічога не будзем рабіць дзеля падтрымкі беларушчыны, то можа быць заўтра яна проста знікне там, дзе дзесяцігоддзямі, стагоддзямі бытавала – было б вельмі-вельмі шкада такой страты.
Зразумела, такіх праблем не было б, калі б Беларусь мела пазітыўны імідж сярод суседзяў. Каб сёння беларускім рэжымам не палохалі б сваіх дзяцей, магчыма болей і лепей запісвалася б студэнтаў на беларусістыку, болей ахвочых бацькоў аддавала б дзяцей у беларускамоўныя класы. А так маем, што маем. Усе праблемы, звязаныя з беларускай мовай за мяжою, звязаныя ўскосна з праблемамі самой Беларусі.
Цалкам размова:
Беларускае Радыё Рацыя