Андрэй Хадановіч: Віктар Казько – гэта сінонім беларускай прозы
Уладальнікам галоўнага прыза IV літаратурнай прэміі імя Ежы Гедройца стаў Віктар Казько з кнігай „Час збіраць косці”. Цырымонія ўзнагароджання адбылася ў менскім гатэлі „Рэнесанс”.
Акрамя гэтага, Віктар Казько узнагароджаны спецыяльным прызам па выніках чытацкага галасавання.
У якасці галоўнага прыза пісьменнік атрымаў чэк на 10 тысяч еўра ад партнёра прэміі.
Кажа старшыня Беларускага ПЭН-цэнтра Андрэй Хадановіч:
– Упершыню я не быў у журы, таму я не галасаваў за Віктара Апанасавіча Казька – ні “за”, ні “супраць”. Я ўхваляю і разумею рашэнне журы. Часам уручаюць самыя пачэсныя, самыя важкія “Оскары” за ўнёсак у мастацтва. Безумоўна, Віктар Казько – гэта сінонім беларускай прозы. І шмат хто здзівіўся бы, каб сёлета ён гэтай прэміі не атрымаў.
Таццяна Барысік са зборнікам „Жанчыны і леапард” стала лаўрэатам прэміі II ступені і атрымала сертыфікат на паездку на месяц у Балтыйскі дом творчасці пісьменнікаў і перакладчыкаў ў шведскім горадзе Вісбю. Лаўрэатам прэміі III ступені журы назвала Альгерда Бахарэвіча з кнігай „Дзеці Аліндаркі”. Пісьменніка ўзнагародзілі стыпендыяй на творчую паездку ў латвійскі Венцпілс. Усе шасцёра прэтэндэнтаў на атрыманне прэміі узнагароджаны ганаровымі дыпломамі фіналістаў.
Беларускае Радыё Рацыя, паводле Белапан