Андрэй Куціла: Гэта ўжо будзе не той „Лістапад”
Роўна праз месяц стартуе 27-ы Менскі міжнародны кінафестываль «Лістапад». Звыклы арганізатар кінафоруму Цэнтр візуальных і выканаўчых мастацтваў «Арт Карпарэйшн» улады сталіцы наконадні ліквідавалі. Цяпер за «Лістапад» адказвае кінастудыя «Беларусьфільм». Дэвіз сёлетняга фэсту: «Кіно – сімфонія адзінства».
Цяперашні статус «Лістапада» ў нашым эфіры пракаментаваў яго колішні дыпламант, рэжысёр-дакументаліст Андрэй Куціла.
– Гэта ўжо зусім іншая гісторыя, іншая гісторыя ў культурным полі краіны. Гэта ўжо не той фестываль, не тая праграма. Я не ведаю, што гэта будзе, як гэта будзе, калі цалкам адменены нацыянальны конкурс, змянілася каманда, якая адбірае кіно і працуе над гэтым фестывалем. Гэта ўжо не будзе «Лістапад». Гэта будзе нейкі агляд нейкага кіно краінаў СНД. Таму зразумела, што таго фестывалю не будзе. Будуць нейкія прагляды, арганізаваныя нейкімі людзьмі. Ну окей, хай так будзе.
Дадам, што апазіцыйная Беларуская рада культуры прыкладае намаганні, каб пазбавіць цяперашні «Лістапад» міжнароднай акрэдытацыі, а еўрапейскія рэжысёры і прадзюсары байкатавалі імпрэзу.
Стась Дадэрка, Беларускае Радыё Рацыя
Фота intex-press.by