Андрэй Куціла з сярэбраным лайконікам Кракаўскага кінафестывалю
Беларускі рэжысёр атрымаў прыз за фільм «Сума» ў нацыянальным конкурсе, паколькі прадзюсарам з’яўляецца польская студыя «Эверэст». Як адзначае рэжысёр, гэты фільм зроблены з польскім фінансаваннем, але з беларускім творчым унёскам. Андрэй Куціла на Кракаўскі кінафестываль першы раз трапіў больш за дзесяць гадоў таму, але зараз стаў у шэраг з лепшымі дакументалістамі.
– На гэты конкурс, калі я пачынаў здымаць фільмы, першы раз трапіў 11 гадоў таму ў Кракаў з нашай кароткаметражнай дэбютнай стужкай. У польскім конкурсе тады ўжо былі даволі масцітыя рэжысёры. І я нават не мог сабе ўявіць, што калі-небудзь узнагароду атрымаю, а тут яшчэ трапіў на польскі конкурс.
«Сума» ў рэжысуры Андрэя Куцілы – гэта паэтычная стужка пра сустрэчу пажылога польскага мастака Анджэя Струмілы і маладой беларускай мастачкі Марыі, якая шукае ў яго натхнення і адказу на некаторыя пытанні, датычныя сусвету і мастацтва. Фільм ужо быў узнагароджаны на кінафестывалях у свеце, між іншым, на адным з важнейшых фестываляў дакументальнага кіно ІДФА ў Амстэрдаме.
Радаслаў Дамброўскі, Беларускае Радыё Рацыя
Фота TUT.BY