Андрэй Лугін за міжканфесійны дыялог музыкаў



Беларускі каталіцкі гурт “Laudans” аб’ездзіў ужо некалькі дзясяткаў мясцовасцяў у Беларусі, пераважна ў Гарадзенскай ды Віцебскай вобласці.

Сталымі ўдзельнікамі гурта з’яўляюцца Алёна Палачанская (клавішы), Аляксей Палачанскі (гітара, губная гармошка), Андрэй Немялоўскі (бас-гітара), Андрэй Лугін (вакал, гітара). Пра тое, як пачынаў сваю дзейнасць адзін з найбольш вядомых каталіцкіх гуртоў Беларусі, распавядае саліст “Laudans”.

2015-12-02_Zavalnia_Laudans_fota2

Андрэй Лугін: На пачатку з’явілася адна песня, якая называецца “Калі кажаш”, якую зараз мы дастаткова часта выконваем, якая з’яўляецца ў розных варыянтах і інтэрпрытацыях. Гэтая песня была напісаная на верш ксяндза-паэта з Варшавы Яна Твардоўскага. Пазней была напісана другая песня на ягоны ж верш, і я захацеў, каб атрымаўся нейкі цыкл песень, з якіх потым можна было б стварыць такі невялічкі міні-альбом, што і атрымалася зрабіць на дастаткова простым узроўні. Пазней захацелася прадставіць гэтыя песні людзям у выглядзе канцэрта-прэзентацыі, сабраліся са знаёмымі, сябрамі і сыгралі. Як аказалася, нас прыняло ўдзел ажно 5 чалавек, потым чыталі вершы, пераклады на гэтым канцэрце, які адбыўся на філфаку БДУ. Аляксей Палачанскі і Андрэй Немялоўскі засталіся з таго складу. Пачалі граць у касцёлах, супрацоўнічалі з БДУ.

РР: “Laudans” – гэта хрысціянскі гурт. Але якая Ваша аўдыторыя: ці гэта толькі парафіяне, ці нехта яшчэ прыходзіць паслухаць? Для каго вы пішаце?

Андрэй Лугін: Пішам мы не для каго, а ад сябе, тое, што паходзіць з душы. Вядома, фармат ствараецца пад уплывам таго, як рэагуе слухач. Стараемся не пагарджаць ніякай аўдыторыяй, здаецца, што не пагарджаем. Выконваем сваю музыку для малодшых, у школах граем. Таксама, калі граем у касцёлах, слухаюць і дарослыя людзі. І тым, і тым бывае прыемна.

Часта нашу музыку характарызуюць, як музыку для моладзі. Асабліва, калі мы рабілі калядную праграму. Думаю, што ахоп слухачоў быў больш шырокага дыяпазону. Зразумела, што калядкі па ўсім свеце і ўсімі людзьмі дастаткова ўлюбёныя.

РР: Часам гавораць, што рэлігійны гурт заключаны сам у сабе, у сваёй супольнасці. Напрыклад, па-за каталікамі пра яго не чуў і г.д. Ёсць такая патрэба ў Беларусі, каб хрысціянскія гурты выходзілі на шырэйшы за канфесійны ўзровень?

 Андрэй Лугін: Найперш я думаю, што было б важна, каб быў міжканфесійны дыялог музыкаў. Спрабуем выходзіць на кантакт з пратэстантамі, бачу, што пратэстаны таксама прымаюць удзел у каталіцкіх фестывалях. Таксама з усёй павагай стаўлюся да праваслаўных, і калі будзе магчымасць, нагода, будзем граць і там. А што датычыць пранікнення хрысціянскай музыкі ў сферу масавай культуры, то я думаю, што гэта рэч вельмі няпростая, бо гэта індывідуальна. Немагчыма сказаць, што масава можам пераводзіць хрысціянскіх музыкаў, каб яны пашыралі сваю аўдыторыю за кошт гучання на радыёхвалях, адпаведна будзе мяняцца рэпертуар, будзе мяняцца плыня ў сэнсавасці песень. Таму думаю, што тут лепш кіравацца малітвай.

Ёсць музыкі, асабліва англамоўныя, якія прыязджаюць да нас, а людзі нават не ведаюць, што гэта хрысціянскія гурты. Напрыклад, “P.O.D.” прыязджаў у Менск  – хрысціянскі гурт, сабраў цэлую залу.

РР: Вы ўзгадалі пра замежныя хрысціянскія гурты. Калі Вы пачыналі пісаць свае песні і музыку, нехта быў для вас прыкладам, натхненнем? Нехта быў для вас аўтарытэтам у хрысціянскай музыцы?

Андрэй Лугін: Заўсёды ёсць аўтарытэты, бо немагчыма ці вельмі цяжка ствараць музыку, калі ты знаходзішся па-за кантэкстам, калі ты не слухаеш, не знаёмішся з кімсьці новым. Зразумела, былі і ёсць тыя, хто натхняюць. Мне вельмі падабаецца і мяне натхняе гурт “Міласць”. Гэта беларускі гурт, які выпусціў свой альбом, але цяпер яны ўжо не граюць. Цяпер яны ў зусім новым складзе, хіба што ўжо нікога не засталося з мінулага складу. Пачыналася маё творчае натхненне з гурта “TGD”. Гэта польскі хрысціянскі гурт. Да гэтага часу сачу за іх творчасцю, слухаю іх перыядычна і вучуся ў іх. Таксама падабаецца гурт “P.O.D.”, і зноў жа, адтуль я бяру натхненне. Гэта не азначае, што наша музыка становіцца музыкай таго гурта. Гэта азначае, што проста ты займаешся сатворчасцю з гэтым гуртом, накшталт душу ты бярэш ад яго.

Гутарыў Адам Завальня, Беларускае Радыё Рацыя

Фота catholic.by