Андрэй Несцяровіч: Я культуру не прадаю, я яе прэзентую
Гарадзенская этнакрама „Цудоўня” – гэта культурная з’ява, якая дае кожнаму наведніку адчуванне бязмежнасці беларускай самабытнасці. Гэта здзіўляе не толькі замежнікаў, якія прыходзяць у краму, але і беларусаў, што нанова адкрываюць для сябе сваю краіну.
„Госць Рацыі” гаспадар этнакрамы „Цудоўня” Андрэй Несцяровіч:
– Я прызнаю за аўтарам аўтарства, за чалавекам я прызнаю накірунак, які ён абірае. Я магу расказваць пра каштоўнасць тых ці іншых рэчаў, некаторыя людзі сапраўды мяняюць вектар сваёй працы, змяшчаюць яго ў бок нацыяналізму, нацыянальнай ідэнтычнасці, нейкіх нацыянальных аспектаў культуры ў плане сваіх работ. Пераважна я працую з людзьмі, каторыя ўжо схільныя да гэтага. Мне нецікава ламаць чалавеку свядомасць, тлумачыць яму, што ён рабіў гэта, а мусіць рабіць гэта таму, што ён належыць да гэтай культуры. Не, мая задача чалавеку, які нешта робіць, дапамагчы знайсці больш ці менш адэкватны фармат. Я шмат каму тлумачу, што калі вы арнаментальную стужку абарочваеце вакол дамавічка, не робіць дамавічка беларускім ніяк. Беларускім робіць адпаведнасць стылістыцы, беларускім робяць рукі, робіць пасыл, каларыстыка. Вельмі шмат апроч арнаментыкі дазваляе прадмету называцца і лічыцца належным да беларускай культуры і рамеснай традыцыі. Як правіла ў тых, хто да гэтага схільны, каб працаваць у сегменце беларускай культуры, у іх ужо гэтая схільнасць ёсць, ім патрэбная толькі можа быць час ад часу карэктыроўка. Я магу дапамагчы, бо крышачку арыентуюся ў крыніцах, магу паказаць кніжкі ў каторых ёсць прыклады таго, чым яны займаюцца. Большая частка тых, хто вось так лёгка мяняе накірункі, яны проста імкнуцца зарабіць грошы. Я не люблю людзей, каторыя спрабуюць зарабіць грошы на культуры. Калісьці хтосьці казаў: „Вы прадаеце культуру”. Мяне гэта абражала шчыра, бо я культуру не прадаю, я яе прэзентую і паказваю дзякуючы тым, хто ўжо там.
Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:
Якуб Сушынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня