Андрэй Новік пра драматычнае мастацтва і тэатр на эміграцыі
Спектакль, прысвечаны вайне ва Украіне. Пастаноўка, якая паглыбляе ў беларускую культуру. Твор, які гледачы пражываюць з заплюшчанымі вачыма. Работы беларускага тэатра-студыі ў Варшаве „Team Theatre” вылучаюцца сваёй самабытнасцю і актуальнасцю.
„Госці Рацыі” – актор і рэжысёр „Team Theatre” Андрэй Новік. 20-га траўня ў Варшаве ён правядзе майстар-клас. Нашаму карэспандэнту Марыне Савіцкай творца распавёў пра адметнасці падзеі і не толькі.
– Я буду паказваць, расказваць, дэманстраваць менавіта тыя рэчы, якія мне дапамаглі. Гэта акрамя існавання ў прасторы суадносіны з партнёрам, тэкст фізічны, свой стан, як сябе адчуваць, як кантраляваць сваё цела на сцэне. Увогуле будзе тры блокі па працягласці 40 хвілін, на тры розныя тыпы: цела, голасу і пачуцця сябе ў прасторы.
РР: Гэтыя методыкі неяк змяніліся з пачаткам вайны альбо з пратэстнымі рэаліямі?
– Не, мы ж зараз размаўляем размаўляем менавіта пра існаванне і адчуванне сябе, каб штосьці данесці. А ўжо што ты дзякуючы гэтым інструментам будзеш даносіць, гэта канешне ўплывае, пра што ты будзеш казаць. Але інструмент, чым ты будзеш казаць, ён не змяніўся.
РР: Сярод актораў ёсць тыя, хто гэта перажыў. Як зараз гэтым людзям, калі яны на сцэне?
– Па-першае, каб данесці гэта да гледача, да слухача, да іншых людзей, ты не павінен быць закладнікам гэтай інфармацыі. Калі ты пачнеш яе перажываць, тут і зараз звыш нормы, то нічога не будзе зразумела. Ты альбо сыдзеш у істэрыку, у слёзы і гэта к далей, ты не даб’еш. Заўсёды самае галоўнае правіла, як выклікаць слёзы ў гледача, ты не маеш права плакаць. Ты можаш дайсці да краю, што вось-вось зараз, але праглынуць гэта. Тады глядач заплача. Калі ты пачнеш плакаць, калі ты пачнеш крычаць, гэта не кранае, гэта не трапляе. Гэта трэба кантраляваць, гэта твой інструмент, якім ты даносіш думку, якім ты даносіш боль і гэтак далей. Таму гэта вельмі складны інструмент, якім трэба ўмець карыстацца.
Нагадаем, майстар-клас з Андрэем Новікам адбудзецца ў Беларускім Моладзевым Хабе (plac Konstytucji 6). Пачатак у 12:00.
Беларуска Радыё Рацыя