Андрэй Расінскі: «На чорных лядах» – забароненая кінакласіка пра Слуцкае паўстанне



«Ты яшчэ не глядзеў фільм «На чорных лядах? То абавязкова зірні». Стужка Валерыя Панамарова паводле твору Васіля Быкава ў асяродку беларусаў выступае своеасаблівым паролем. І хаця фільм быў зняты на кінастудыі «Беларусьфільм» у 1995 годзе, падзеі антысавецкага Слуцкага паўстання, якія паказаны ў ёй, выглядаюць як сучасная хроніка пратэстаў у Беларусі. З сённяшнім «Госцем Рацыі» паразважалі пра лёс стужкі «На чорных лядах» і будучыню беларускага кіно.

РР: У свой час мы спрабавалі з сябрамі патрапіць у музей кіно ў Менску і паглядзець фільм “На чорных лядах”. Нам сказалі, што гэта немажліва, копіі фільма захоўваюцца ў дырэктара музея і выдаюцца толькі па ягоным рашэнні. Скажыце, калі ласка, чым жа так адметны гэты фільм, што ён знаходзіцца ў абмежаваным звароце ў беларускім кіно?

Андрэй Расінскі: Гэта даўняя гісторыя. Калі ў 1995 годзе мусіла адбыцца прэм’ера гэтай стужкі Валерыя Панамарова, то нечакана раніцай рэжысёру патэлефанавалі з кінастудыі і сказалі, што трэба адмяняць прэм’еру, бо фільм знік. Прэм’ера была адменена. Потым праз некалькі дзён рэжысёру зноў патэлефанавалі і сказалі, што стужка знайшлася, знайшлася яна ў шафе дырэктара кінастудыі. Але прэм’еры так і не было. Фільм потым з’явіўся на касетах і пірацкіх дысках. Дайшоў нават да Аўстраліі. Стужку запрашалі на кінафестываль у Таронта. Але карціна фактычна засталася напаўзабароненай. У свой час у адміністрацыі прэзідэнта ідэалагічнымі пытаннямі займаўся Замяталін, і ён катэгарычна забараніў гэтую стужку. Бо гэта беларуская карціна, пастаўленая па Васілю Быкаву, паводле яго апавядання “На чорных лядах”. І гэта экзістэнцыйная драма, якая паказвае трагізм беларускай гісторыі. Гэта абсалютна несавецкая карціна, таму ў гэтыя рэтрасавецкія часы была не для прымання. Таму яе і не паказалі. Але цяпер яна ёсць у інтэрнэце, на сайце “Беларусьфільм” яна ў адрэстаўраваным варыянце. Так што паглядзець яе сёння можна. І вельмі раю гэта зрабіць.

Цалкам размова:

З Госцем Рацыі, кінакрытыкам Андрэем Расінскім размаўляла Вольга Сямашка.