Андрэй Расінскі прачытае ў Менску лекцыі пра фільмы жахаў



«Вандроўкі па страшным кіно з Андрэем Расінскім». На бліжэйшых і наступных выходных беларускі кінакрытык прачытае лекцыі пра „жудасцікі”.

Андрэй Расінскі распавядзе пра гісторыю фільмаў жахаў і мастацкія адметнасці гэтага жанру.

– Адна лекцыя будзе прысвечаная 50-ым гадам, асабліва амерыканскаму кіно 50-х гадоў. А другая лекцыя будзе прысвечана амерыканскаму кіно 60-х гадоў і звязанымі з ім падзеямі. Яшчэ адна лекцыя будзе прысвечана італьянскаму гатычнаму кіно 60-х гадоў.

Лекцыі будуць прачытаныя ў Менску, у Кінашколе-студыі Андрэя Палупанава. Кошт за адну лекцыю складае 15 рублёў.

28 кастрычніка 15:00. Лекцыя 4. Амерыканская вусцішная фантастыка 50-ых гадоў. Шоў-урокі ад Уільяма Касла. Японскія кінажахі 50-ых: з’яўленне Гадзілы; шэдэўр “Угэцу Манатагары”. Францыя: паэтыка-хірургічны кашмар ад Жоржа Франжу і “Д’ябаліцы” А.Ж. Клузо. Канкурэнцыя з Альфрэдам Хічкокам. “Галавакрут”.

29 кастрычніка 13:00 Лекцыя 5. Вялікабрытанія. Кінакашмары студыі “Хамэр”. Дракула. Франкенштэйн. Ваўкалак. Джэкіл і Гайд. Студыя “Тыгон” і Майкл Рыўз. “Галоўны ведзьмалоў”. Таямніцы самага страшнага брытанскага фільму (знятага Робінам Гардзі).

4 лістапада 15:00 Лекцыя 6. Мексіканскія фільмы жахаў ад 60-ых гадоў. Прадусар і актор Абель Салазар. Nuevo horror. Фернанда Мэндэз, Карлас Энрыке Табаада, Рафаэль Баледон. Lucha libre і фільмы жахаў. Санта. Алехандра Хадароўскі.

5 лістапада 15:00 Лекцыя 7. Час маньякаў. Норман Бэйтс і “Падглядальнік Том”. Кінагіньёль з бэбі Джэйн. Італьянская кінаготыка. Пад маскай Гогаля: “Маска дэмана” Марыё Бавы. Нямецкія крымі. Японскія квайданы.

Адам Завальня, Беларускае Радыё Рацыя