Андрэй Рэцікаў: Батлейка – гэта наш скарб, і мы мусім ім ганарыцца
Кіраўнік народнага лялечнага тэатру “КапялюШ” уласнаручна робіць батлейкі і навучае гэтаму мастацтву ў адмысловым “тэатральным класе”. Але зараз ёе марыць не проста рабіць батлейкі самому, а аднаўляць іх у аўтэнтычным выглядзе – паводле апісанняў фалькларыстаў і краязнаўцаў. Першай спробай стала незвычайная батлейка – “Віцебскі жлоб”, апошні ўзор якога захоўваўся ў Віцебскім краязнаўчым музеі, але разам з іншымі экспанатамі згарэў падчас Вялікай Айчыннай вайны.
Засталося толькі апісанне, зробленае этнографам Еўдакімам Раманавым, тлумачыць Андрэй Рэцікаў:
– Гэта такі від батлейкі, які быў менавіта ў Віцебскай губерніі, па прынцыпе тэатра ценяў зроблены. Там ад цяпла свечкі круціліся кружэлкі такія. Кружэлкі, на якіх замацаваны сілуэты, прыкладам Цар Ірад, які выпраўляецца з войскам забіваць немаўлятак. Сюжэты менавіта біблейскія і толькі рэлігійныя. І вось на паперы прамасленай адбіваліся гэтыя фігуркі.
Назва “жлоб” паходзіць ад польскага żłobek , бо вядзецца пра нараджэнне Хрыста ў беднай стайні. Першы ўзор незвычайнага прыстасавання, зробленага Андрэем Рэцікавым можна ўбачыць на выставе батлеек, якая зараз экспануецца ў Віцебску. Але гэты ўзор – не дакладны, а майстар хоча зрабіць усё па дакладных памерах і з матэрыялаў, падобных да аўтэнтычных. Апрача “Віцебскага жлоба”, будуць адноўлены яшчэ некалькі батлеек, апісаных этнографамі.
Цалкам гутарку з незвычайным майстрам, які робіць батлейкі і ставіць спектаклі, а таксама далучае да гэтага мастацтва наваполацкіх школьнікаў, слухайце ў далучаным файле:
Ганна Ліпка, Беларускае Радыё Рацыя