Андрэй Янушкевіч: Беларуская літаратура мае сур’ёзныя праблемы
У грузінскі Батумі на фэст Pradmova ўпершыню завітаў беларускі выдавец Андрэй Янушкевіч, які выступіў падчас дыскусіі аб ролі беларускай кнігі ў сучаснасці.
Для выдаўца не важна, дзе будзе выдавацца беларуская кніга і хто будзе яе пакупнік:
– Для мяне важна, каб кніга стала фактам. Каб яна прысутнічала ў рэчаіснасці. А тое, што для кагосьці яна геаграфічна бліжэй даступная, сёння гэта эміграцыя, для кагосьці з чытачоў далей. Што зробіш, сёння з гэтымі фактамі прыходзіцца жыць. Але пры вялікім жаданні кнігу заўсёды можна набыць, тым больш мы робім электронныя версіі, якія даступныя ў інтэрнэце.
Андрэй Янушкевіч упэўнены, што для беларускай кнігі існуе на дадзены момант дзве асноўныя праблемы:
– Праблема ў тым, што каталог сучаснай беларускай кнігі даволі кволы, малы асартымент на беларускім рынку. Яго трэба пашыраць. Я лічу, што гэта асноўная задача. Не трэба выдумваць ніякіх ровараў, а проста рабіць – пісаць новыя кнігі, перакладаць, каб іх было як мага больш. Другая якасная праблема, якая не дазваляе развіцца нашаму рынку, нашай аўдыторыі – гэта адсутнасць арыгінальнай белетрыстыкі.
На думку Андрэя Янушкевіча, не пішуцца і не перакладаюцца дэтэктывы і фантастыка, не пішуцца, таму што – беларускаму пісьменніку цяжка разлічваць на славу, а каб перакладаць – трэба фінансавыя інвестыцыі.
Цалкам матэрыял:
Беларускае Радыё Рацыя