Андрэй Янушкевіч: Вялікія гонар і задавальненне, што нашую працу шануюць

Падчас уручэння літаратурных прэміяў спаборнічаюць не толькі аўтары і іх кнігі, але і выдаўцы, якія гэтыя кнігі выдалі. Сёлета „нефармальным пераможцам” прэміі для перакладчыкаў імя Карласа Шэрмана стаў выдавец Андрэй Янушкевіч, які на цырымоніі ўручэння прэміі выказаў удзячнасць прафесійнай супольнасці за адзначэнне іх працы.
– Сапраўды для нашага выдавецтва прэмія Шэрмана гэта свята, бо нам удавалася апошнія гады выходзіць з добрымі кнігамі на гэтую прэмію, і нават некалькі разоў яе атрымліваць. Вялікія гонар і задавальненне, што твая праца, праца перакладнікаў, рэдактараў, карэктараў, мастакоў, дызайнераў шануецца не толькі чытачамі, але і прафесійнай супольнасцю.
Прэміяй імя Карласа Шэрмана былі ўганараваныя адразу тры кнігі, выдадзеныя выдаўцом Андрэем Янушкевічам. Гэта раман Габрыеля Гарсія Маркеса «Восень патрыярха» у перакладзе Сяргея Шупы, дзіцячая кніга Отфрыда Пройслера «Крабат. Легенда Чорнага млына» у перакладзе Сяргея Матыркі і раман Шчэпана Твардаха «Кароль» у перакладзе Міколы Раманоўскага.
Беларускае Радыё Рацыя
