Андрэю Федарэнку за „Цішу” прысуджана літаратурная прэмія „Гліняны Вялес”
Традыцыйна на пачатку сакавіка агучваецца імя лаўрэата літаратурнай прэміі “Гліняны Вялес”. Гэтую прэмію заснавала Таварыства Вольных Літаратараў ў 1993 годзе. Даецца яна за лепшую мастацкую кнігу года. Сёлета лаўрэатам прэміі быў названы Андрэй Федарэнка за зборнік прозы “Ціша”. Сам празаік прызнаўся, што гэта ягоная адна з найлепшых кніг.
– Кніга адрозніваецца лепшай скампанаванасцю. Усё ж яна крышку вышэйшая за ранейшыя кніжкі. Як і заўсёды з кожным годам ты робішся больш вопытным. І, канешне, ты больш шліфуеш, з большай патрабавальнасцю да матэрыялу, які адбіраеш. У гэтым плане мне гэтая кніжка даражэй, чым ранейшыя.
Лаўрэат прэміі атрымае гліняны стод Вялеса, які ў старажытныя часы апекаваўся сярод іншага і мастацтвам. Сама вечарына ўганаравання адбудзецца ў траўні.
Васіль Кроква, Беларускае Радыё Рацыя