Анджэй Струміла з тэатральнай выставай у Берасці
Усё жыццё – тэатр, а тэатр – гэта наша жыццё. З такімі словамі выбітны польскі мастак Анджэй Струміла адкрыў сваю другую па ліку персанальную выставу, прывечанаю тэатральнай тэме ў Берасці. Экспазіцыя змясцілася на другім паверсе Акадэмічнага тэатру драмы. Анджэй Струміла адзначыў, што для яго вельмі важна прадстаўляць свае працы ў Беларусі, але за сваё жыццё яму так і не давялося добра авалодаць беларускай мовай:
– Гэта для мяне вельмі важнае перажыванне. Я шкадую, што мая беларуская мова дрэнная, што я не магу цалкам усё патлумачыць. Тэатр для мяне вельмі блізкі, як і людзі тэатру. Я тут не стану пералічваць тых актораў, тых мастакоў тэатру, з якімі я працаваў. Мой вопыт жывапісца патрэбны таксама тэатру, патрэбны ў плакаце, патрэбны ў ілюстрацыі, патрэбны ў жыцці.
Выстава арганізавана Генеральным консульствам Польшчы ў Берасці, Польскім інстытутам у Менску, Падляшскім музеем у Беластоку і Берасцейскім акадэмічным тэатрам драмы. Наведаць экспазіцыю ’’Анджэй Струміла. Прысвячэнне тэатру’’ можна да 14 снежня.
Беларускае Радыё Рацыя