Англійскі фонд плануе дапамагчы рэстаўраваць сінагогу ў Слоніме
13 ліпеня ў Слонімскім райвыканкаме адбылася сустрэча старшыні Слонімскага райвыканкама Алега Таргонскага з прадстаўнікамі англійскага фонду “Разам мы мацней”. Падчас сустрэчы вяліся гутарка пра рэстаўрацыю старэйшага архітэктурнага помніка Слоніма – мясцовую сінагогу.
Менавіта гэты фонд плануе ўкласці сродкі ў рэстаўрацыю сінагогі, каб з цягам часу там стварыць Цэнтр габрэйскай культуры Беларусі.
Вялікая сінагога ў Слоніме была ўзведзена ў 1642 годзе ў гістарычным цэнтры горада ў сістэме яго абарончых збудаванняў.
У 1881 годзе сінагога моцна пацярпела ад вялікага пажару. Адразу пасля пажару, на ахвяраванні прыхаджан, дзейнасць сінагогі была адноўлена, хаця мясцовыя ўлады не давалі на гэта дазволу.
Пасля Другой сусветнай вайны сінагога выкарыстоўвалася пад склады, крамы і кафэ.
У 2001 годзе самы стары помнік Слоніма быў перададзены ва ўласнасць Іўдзейскаму рэлігійнаму аб’яднанню ў Рэспубліцы Беларусь. Тут меркавалася адкрыць рэспубліканскі музей габрэйскага мастацтва. Пэўны час яна рэстаўравалася, але зараз усё спынілася. Цяпер сінагога ў цэнтры Слоніма паціху разбураецца.
Вольга Рагозік, Беларускае Радыё Рацыя, Слонім