Аніматары з Беларусі і Польшчы разам створаць мультфільм пра Белавежскую пушчу
У хуткім часе нацыянальная кінастудыя „Беларусьфільм” падпіша са студыяй анімацыі з Польшчы пагадненне аб намеры стварыць поўнаметражны анімацыйны фільм з перспектывай выхаду ў сусветны пракат, паведаміў на прэс-канферэнцыі 11 чэрвеня ў Менску генеральны дырэктар кінастудыі Уладзімір Карачэўскі.
„Не хачу зараз шмат каментаваць, — сказаў ён. — Там выдатная ідэя, вельмі цікавая агульная апалітычная тэма — Белавежская пушча. Акрамя таго, мне падабаецца, што нашы партнёры прапануюць не проста ўкласціся грашыма, а прапануюць укласці агульныя творчыя сілы. Напрыклад, падключыць да працы пяць іх рэжысёраў-аніматараў і пяць нашых”.
„Гэта, верагодна, будзе гісторыя на 2-3 гады, паколькі поўнаметражны анімацыйны фільм не так проста і хутка робіцца. Але ў нас ёсць жаданне выпускаць не толькі кароткаметражныя 10-хвілінныя фільмы, але і прадставіць краіну больш сур’ёзна на сусветным кінарынку”, — падкрэсліў кіраўнік кінастудыі.
belapan.by