Анімацыйны тэатр Лідскага замка выйдзе на міжнародны ровень
13 год споўнілася, як існуе анімацыйны тэатр Лідскага замка. Цяпер – пры мясцовай турыстычнай фірме “Адрас-лета”. Яго выступы адбываюцца пад адкрытым небам сярод сярэдневечных муроў альбо ў шатры пры дрэнным надвор’і.
Юныя, год ад 19 да 25, акторы-аніматары – пакуль, здаецца, яшчэ хлопчыкі-дзяўчынкі на вачах пераўтвараюцца ў магутных рыцараў эпохі ВКЛ ды тронных сярэдневечных дам…
Новае дыханне ў тэатр было ўнесенае новым рэжысёрам Андрэем Арынічам (на здымку).
Напярэдадні геаграфію выступаў вырашылі пашырыць на ўсю Лідчыну. Таксама атрымалі запрашэнні на гастролі ў Польшчу і Літву. Кажа намесніца дырэктара “Адрас-лета” Вікторыя Герцава:
– Рабочая мова праекта – беларуская. Калі мы працуем з групамі, мы заўсёды гэта падкрэсліваем. У нас была нават сітуацыя, калі нас папрасілі перакласці нашу анімацыю на расейскую мову для таго, каб працаваць для расіян, для мэрыі Масквы. Але мы змаглі пераканаць іх, бо гэта мова, на якой быў напісаны Статут Вялікага Княства Літоўскага. Мы працягваем рабіць нашыя праграмы на беларускай мове. І прайсы, якія рассылаем нашым заказчыкм, таксама напісаныя па-беларуску.
“Чортавы” юбілей, як называюць сваё 13-годдзе самі акцёры трупы тэатра Лідскага замка, збіраюцца сустрэць новай беларускамоўнай пастаноўкай мясцовага драматурга Сліўко “Суд над Кейстутам”.
Віталь Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя
Фота аўтара
Цалкам матэрыял слухайце ў далучаным гукавым файле.