Анхела Эспіноса Руіз: Беларуская проза змагла б зацікавіць гішпанскага чытача
Анхела Эспіноса Руіз – маладая паэтка і даследчыца беларускай літаратуры з універсітэта Комплютэнсэ ў Мадрыдзе. Яе намаганнямі на гішпанскую мову былі перакладзеныя вершы Максіма Багдановіча.
Сёлета у верасні яна паспяхова абараніла першую ў Гішпаніі дысертацыю па беларускай літаратуры. У даследаванні былі праведзеныя паралелі паміж прозай Яна Баршчэўскага і Густава Адольфа Бекера.
А ўжо напрыканцы верасня Анхела ўзяла ўдзел у Восьмым міжнародным кангрэсе даследчыкаў Беларусі, на гэты раз звярнуўшыся да параўнання гішпанскай і беларускай літаратуры 20 стагоддзя.
РР: Ці ёсць нейкія паралелі ў гішпанскай літаратуры часу перамен і адыходу ад дыктатуры і беларускай літаратуры часу дыктатуры?
Анхела Эспіноса Руіз: Я больш пра распад СССР – перыяд, калі людзі спадзяваліся на пазітыўныя перамены, на незалежнасць Беларусі, якая так ці інакш атрымалася ўсё ж такі. Вяртанне да каранёў. Канешне, паралелі заўсёды можна знайсці. А тут падобнага нямала. Абедзве краіны адыходзілі ад рэжымаў дыктаруры, і таму паэты між іншымі дзеячамі палітыкі, культуры, мастацтва шукалі нешта сваё, нейкую новую прастору, зрэшты нейкія новыя філасофскія парадыгмы, якія дазволяць ім працягваць жыць. І вось беларусы, напрыклад, звярнуліся да народных вытокаў, гісторыі, да сваёй мовы роднай. Гішпанцы звярнуліся да штодзённасці ў лірычнай форме. Звярнуліся да касмапалітызму, да малой радзімы. Таму вельмі лёгка знайсці нейкія паралелі.
РР: Калі казаць пра найбольш жудасныя хвіліны і ў Гішпаніі, і ў Беларусі. Гэта акурат выпала на 30-я гады ХХ стагоддзя пасля грамадзянскай вайны 1936-1939 гадоў, гэта таямнічае забойства славутага паэта Фэдэрыка Гарсія Лоркі. У Беларусі – Курапаты. Ці сённяшняя літаратура вяртаецца да гэтых падзеяў?
Анхела Эспіноса Руіз: Сённяшнія ўжо менш. Гэта больш прысутна было ўсё ж такі ў 90-х – пачатку 2000-х. Не скажу, што гэтыя тэмы зніклі. Гэта балючыя тэмы, як і дзве Сусветныя вайны. Тэмы, да якіх літаратары, рэжысёры вяртаюцца.
РР: Ці беларускія творы могуць зацікавіць менавіта гішпанскага чытача, бо Вы таксама з’яўляецеся перакладчыцаў, пакуль што паэзіі Багдановіча і Купалы. Ці магла б беларуская проза знайсці ў Гішпаніі свайго чытача?
Анхела Эспіноса Руіз: Я ўпэўненая, што так. Таму што ў беларускай прозе я заўважала шмат агульначалавечых каштоўнасцяў, якія кожнага зацікавяць. Мы з выдавецтвам нават думалі выдаць Яна Баршчэўскага “Шляхціц Завальня”, або “Дзве душы” Максіма Гарэцкага. Проста, мы шукаем фінансаванне, што праўда. Патрэбна падтрымка, а з чытачамі, я думаю, праблемы не будзе. Бо, па-першае, гэта вельмі якасная проза, у Беларусі хапае якаснай прозы. Па-другое, я адчуваю, што я ў стане годна перакладаць гэтую прозу. Таму, спадзяюся, гэтыя выданні мелі б нейкую літаратурную вартасць. Мы толькі чакаем на такі шанец, калі атрымаецца выдаць новую кнігу.
Цалкам гутарка ў далучаным файле:
Гутарыў Юрка Ляшчынскі, Беларускае Радыё Рацыя