Анлайн-экскурсія па выставе Лазара Хідэкеля
У Сусветны дзень мастацтва, 15 красавіка, на відэасервісе VOKA пакажуць анлайн-экскурсію па выставе Лазара Хідэкеля «Нас зразумеюць праз 100 год». Пазнаёміцца з творчасцю аднаго з заснавальнікаў аб’яднання УНОВІС, выбітнага мастака-авангардыста, першага ў свеце супрэматычнага архітэктара, які на стагоддзе апярэдзіў час, усе ахвотныя змогуць бясплатна з любой кропкі свету. Эскурсія прымеркавана да закрыцця выставы ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі. Эфір пачнецца а 19-й гадзіне.
Экскурсія праводзіцца ў рамках праекта #UNOVIS100, які рэалізуецца Цэнтрам беларуска-яўрэйскай спадчыны, Музеем гісторыі Віцебскага народнага мастацкага вучылішча і кампаніяй А1 пад патранатам Нацыянальнай камісіі па справах UNESCO ў Беларусі. Першая ў нашай краіне персанальная выстава Лазара Хідэкеля «Нас зразумеюць праз 100 год» была адкрытая ў дзень стагоддзя творчага аб’яднання УНОВІС, створанага па ініцыятыве Казіміра Малевіча ў Віцебску.
Менавіта ў Віцебску нарадзіўся Лазар Хідэкель, вучыўся ў Віцебскім народным мастацкім вучылішчы ў Марка Шагала, Мсціслава Дабужынскага, Лазара Лісіцкага, а затым і ў Малевіча. Ужо ў 16 гадоў ён узначаліў архітэктурную майстэрню вучылішча і архітэктуры прысвяціў сваё жыццё.
Кацярына Ізафатава
Анлайн-экскурсію правядзе Кацярына Ізафатава – адна з куратараў выставы, загадчыца аддзелам сучаснага беларускага мастацтва Нацыянальнага мастацкага музея, кандыдат мастацтвазнаўства. Яна распавядзе, у чым значнасць творчасці Лазара Хідэкеля, чаму ён апярэдзіў свой час і што такое супрэматычная архітэктура.
Лятучыя гарады, хэштэг і «вар’яцкія праекты». Як спадчына Лазара Хідэкеля вяртаецца ў Беларусь
Спецыяльна для выставы ў Менску з Нью-Йорка былі дастаўленыя каля 100 арыгінальных работ з асабістага архіва сям’і Лазара Хідэкеля: раннія супрэматычныя кампазіцыі, эскізы касмічных пасяленняў, планы «Горада-сада», «Аэрагорада», «Аквагорада», першы архітэктурны экалагічны маніфест «АЭРА», а таксама дакументы УНОВІСа. Анлайн-экскурсія дазволіць пазнаёміцца з творчасцю Лазара Хідэкеля ўсім, хто не паспеў наведаць экспазіцыю ў музеі.
Экскурсія 15 красавіка будзе даступна з 19:00 у мабільным прыкладанні VOKA ці на сайце voka.tv з любой прылады і ў сетцы любога аператара Беларусі ды іншых краін свету без аўтарызацыі. У рамках праекта #UNOVIS100 да канца года на сервісе таксама будзе даступны бясплатны прагляд дакументальнага фільма Яўгена Сяцько «УНОВІС», прысвечанага гісторыі аб’яднання.
Лазар Хідэкель. Касмічны ген супрэматызму
VOKA працягвае знаёміць гледачоў з розных краін з культурнымі з’явамі Беларусі разнастайных кірункаў і жанраў. Запатрабаванасць такога кантэнту пацвярджае поспех сусветнай трансляцыі легендарнага спектакля Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы «Паўлінка», якая сабрала больш за 20 тысяч гледачоў ад Канады да Японіі. З любой кропкі свету на VOKA можна паглядзець і адзначаны на міжнародных фестывалях дакументальны фільм «Хто апошні?» пра Сямейны інклюзіў-тэатр «і».