Анлайн-кінафестываль BelarusDocs пройдзе з 7 па 13 красавіка



За тыдзень у межах трэцяга анлайн-фестывалю беларускага дакументальнага кіно BelarusDocs можна будзе, не выходзячы з дому, убачыць сем адметных фільмаў сямі беларускіх аўтараў. Кожны з фільмаў праграмы будзе даступны для анлайн-прагляду на працягу 24 гадзін з англійскімі субцітрамі на сайце belarusdocs.com.

Прызнанне беларускага дакументальнага кіно ў прафесійным асяроддзі кінематаграфістаў не выклікае сумневаў. Толькі за 2018-2019 гады беларускія фільмы атрымалі ўзнагароды на вядучых фестывалях дакументальнага кіно свету – Амстэрдамскім IDFA, Кракаўскім кінафестывалі, кінафестывалі Go East у Нямеччыне, Артдокфэсце (Масква), але ўбачыць гэтыя фільмы жыхарам Беларусі амаль немагчыма. Анлайн-фестываль BelarusDocs робіць найлепшае беларускае кіно даступным для кожнага.

У ракурсе сёлятней праграмы BelarusDocs – жыццё рэгіёнаў Беларусі. Фільмы здымаліся ў Гомелі, Віцебску, Светлагорску, у Бярозаўскім, Вілейскім, Полацкім раёнах.

Шэсць фільмаў праграмы прымалі ўдзел і былі лаўрэатамі значных кінафестываляў дакументальнага кіно – IDFA (Амстэрдам), Кракаўскі кінафестываль, Артдокфэста (Масква), “Docudays UA” (Кіеў), “Лістапада” (Мінск) і г.д.

Сёмы фільм – будзе паказаны шырокай публіцы ўпершыню. Гэта “Фальклор і жыццё” (2020), у якім Юрый Цімафееў робіць цікавую спробу распавесці пра эратычны пачатак у беларускай народнай абраднасці, збіраючы прыклады такіх абрадаў ў самых розных кутках Беларусі.

Таксама гледачы BelarusDocs змогуць пазнаёміцца з фільмам-прэтэндэнтам на прэмію Оскар-2019 ад Беларусі. Гэта фільм “Дэбют” (2017) Настассі Мірашнічэнкі, дзеянне якога разгортваецца ў гомельскай жаночай калоніі.

Пра трэнера віцебскай каманды па інтуітыўнаму футболу Алега Кірылава распавядзе Вольга Абрамчык у фільме “Трэнер” (2019).

Фільм “Перазімаваць” (2017) Евы-Кацярыны Махавай раскажа пра побыт у доме сезоннага пражывання, дзе старыя маюць прытулак на зімні сезон.

Фільм “Лебедзі” (2018) Галіны Адамовіч – пра няпростую працу службы “хуткай дапамогі” у Светлагорску.

Пра вясковага блогера фермера з-пад Бярозы і яго фермерскі досвед распавядзе ў сваім фільме “Цар гары” (2017) Андрэй Куціла.

“Полацкі вальс” (2019) Вольгі Дашук – гэта фільм-роздум кіраўніка вясковага хора з-пад Наваполацка пра пражытае.

Прыводзім больш падрабязную інфармацыю пра фільмы і расклад паказаў:

7 красавіка – “Трэнер” (2019; рэжысёр – Вольга Абрамчык)

Трэйлер 

Фільм-удзельнік фестываляў “Docudays UA” (Кіеў), “Артдокфэст” (Масква) і “Лістапад” (Мінск)

Алег Кірылаў – трэнер зборнай Беларусі па інтуітыўным футболе. Яго падапечныя – невідушчыя. У кожнага свая гісторыя, свой шлях у вялікі спорт, але сёння перад імі стаіць агульная задача – перамагчы.

8 красавіка – “Дэбют” (2017; рэжысёр – Настасся Мірашнічэнка)

Трэйлер

Фільм-прэтэндэнт на Оскар-2019 ад Беларусі, удзельнік IDFA (Амстэрдам), лаўрэат Кракаўскага кінафестываля

У папраўчай калоніі ў цэнтры Гомеля адбываюць пакаранне паўтары тысячы жанчын. Сюды трапляюць толькі тыя, хто парушыў закон ўпершыню. Не страціць сябе дапамагаюць толькі рэпетыцыі турэмнага тэатра…

9 красавіка – “Лебедзі” (2018; рэжысёр – Галіна Адамовіч)

Беларуская фестывальная прэм’ера, фільм-удзельнік “Артдокфэста” (Масква)

“Лебедзі” – працоўны пазыўны хуткай дапамогі ў Светлагорску. Менавіта яны першымі сутыкаюцца з раптоўнымі захворваннямі, няшчаснымі выпадкамі і траўмамі…

10 красавіка – “Перазімаваць” (2017; рэжысёр – Ева-Кацярына Махава)

Трэйлер

Фільм-удзельнік фестываляў “Артдокфэст”(Масква) і “Лістапад” (Мінск), намінант на прэмію “Лаўр”

Беларусь, Вілейскі раён Мінскай вобласці. Самотныя старыя вяскоўцы ад’яжджаюць на зіму ў дом сезоннага пражывання. Кожны з іх мае свой уклад, свой жыццёвы вопыт, але зімаваць трэба разам. Дні цягнуцца ў хваробах, размовах, успамінах, сумесных тэлепраглядах… Пасярод зімы прыяжджае новы жыхар, і атмасфера ў доме змяняецца.

11 красавіка – “Цар гары” (2017; рэжысёр – Андрэй Куціла)

Фільм-удзельнік фестываляў “Артдокфэст”(Масква) і “Лістапад” (Мінск), пераможца фестываля “Golden Beggar” (Кошыцэ, Славакія)

Беларускі відэаблогер і малады селянін Сямён, праваслаўны вернік, заўсёды меў філасофскія думкі пра жыццё, захапляўся матухнай-прыродай ды дзяліўся гэтым з усім светам. Ужо пяць гадоў ён з жонкаю і двума сынамі жыве ў вёсцы, гадуе авечак. Здавалася б, радаснаму, гарманічнаму існаванню ў глушы нічога не можа перашкодзіць…

12 красавіка – “Фальклор і жыццё” (2020; рэжысёр – Юрый Цімафееў)

Трэйлер

Нацыянальная прэм’ера фільма

Фальклор з’яўляецца адлюстраваннем чалавечага існавання, толькі ў вобразнай, метафарычнай форме. Не выключэнне тут і эратычны складнік жыцця. Абрады з эратычным падтэкстам у нашым продкаў былі падрыхтаваны да кожнага свята і цесна знітаваны з паняццем урадлівасці…

13 красавіка – “Полацкі вальс” (2019; рэжысёр – Вольга Дашук)

Беларуская фестывальная прэм’ера, фільм-удзельнік міжнародных кінафестываляў

Васілю Граноўскаму 58 год. Ён жыве ў вёсцы і кіруе мясцовым хорам, усе спевакі ў якім старыя. Гармонік Васі таксама стары, у ім бракуе некалькі клавіш. Васева машына, у якой ён звычайна возіць сваіх артыстаў, не зусім спраўная і не заўсёды заводзіцца.

Анлайн-фестываль BelarusDocs – гэта біенале актуальнага беларускага дакументальнага кіно. Папярэднія фестывалі (у 2016 і 2018 гадах) з поспехам праходзілі на пляцоўцы tut.by, з 2020 года BelarusDocs праходзіць на ўласнай пляцоўцы belarusdocs.com. Праграма BelarusDocs фармуецца з фільмаў, якія адлюстроўваюць важныя для беларускага грамадства тэмы, маюць мастацкія якасці і зазвычай – добрую фестывальную гісторыю.

У гэтым годзе анлайн-фестываль ўпершыню абвяшчае нефармальную ўзнагароду лепшаму фільму, выбранаму праз галасаванне гледачоў – „Прыз глядацкіх сімпатый”. Сябрам журы можа стаць кожны: дастаткова запоўніць анкету па спасылцы, паглядзець усе фільмы праграмы і ацаніць іх.

На дадзены момант у Журы BelarusDocs-2020 запісаўся 41 чалавек. Абсалютная большасць – з Беларусі, аднак ёсць таксама прадстаўнікі Расеі, Украіны, Польшчы, Нямеччыны, Швейцарыі і Вялікабрытаніі.

Трэйлер анлайн-фестываля BelarusDocs-2020.

Праект BelarusDocs — прыватная ініцыятыва, якая трымаецца толькі на энтузіязме яго арганізатараў. Таму будзем удзячныя за фінансавую падтрымку нашага праекта на краўдфандзінгавай платформе Талака

 

Наш сайт – belarusdocs.com

 Візуальныя матэрыялы (кадры з фільмаў праграмы, лагатыпы, афіша фестывалю) даступны па спасылцы.

Кантакты:

Куратар анлайн-фестываля BelarusDocs

Алесь Лапо

+375296512981

[email protected]

https://www.facebook.com/aleslapo