Анлайн-трансляцыя спектакля «Гэта ўсё яна»
26 кастрычніка відэасэрвіс VOKA правядзе трансляцыю спектакля «Гэта ўсе яна» Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі. Гэта будзе першы анлайн-паказ у 30-м юбілейным сезоне, прысвечаным важным постацям у гісторыі тэатра. Прамы эфір пачнецца а 19-й гадзіне па менскім часе і будзе даступны з любой кропкі свету.
Дата: 26-га кастрычніка.
Час: 19.00
Паглядзець можна тут.
Спектакль «Гэта ўсё яна» ідзе ў тэатры з 2016 года. Рэжысёр з Германіі Моніка Дабраўлянска паставіла яго па аднайменнай п’есе беларускага драматурга Андрэя Іванова. Па сюжэце пасля смерці мужа маці (Людміла Сідаркевіч) спрабуе наладзіць адносіны з сынам (Дзмітрый Давідовіч) і стварае старонку ў сацыяльных сетках, каб перапісвацца з ім ад імя выдуманай дзяўчынкі. Але сітуацыя выходзіць з-пад яе кантролю.
За апошнія пяць гадоў гэты спектакль змаглі ўбачыць не толькі гледачы ў Менску і іншых гарадах Беларусі, але таксама госці фестывальных і гастрольных паказаў у Марока, Грузіі, Францыі, Сербіі. У 2017 годзе пастаноўка была адзначана прызам асацыяцыі Tournesol на Авіньёнскім фестывалі — галоўнай тэатральнай падзеі Еўропы.
26 кастрычніка адбудзецца ўжо 55-ты паказ спектакля «Гэта ўсё яна». Далучыцца да прагляду можна ў прыкладанні VOKA або на сайце voka.tv пасля аўтарызацыі па нумары мабільнага тэлефона. Шматкамерная мастацкая здымка ў высокай якасці дазволіць кожнаму гледачу максімальна паглыбіцца ў атмасферу тэатральнай залы і ўбачыць усё, што адбываецца на сцэне, з розных ракурсаў.
Паказ працягвае серыю трансляцый, якія відэасэрвіс VOKA праводзіць з Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі. Канцэпцыя юбілейнага сезона, які праходзіць пад назвай «Трыццаты сезон. Асобы», пабудавана на гісторыях людзей, якія на працягу 30 гадоў стваралі і працягваюць ствараць тэатр.