Анна Сабецкая: Гэтая кніга скіроўвае чытача ў бок дыялогу і паразумення



Пабачыла свет унікальная кніга «Калейдаскоп. Сустрэчы з нацыянальнымі меншасцямі». Кніга распавядае пра прадстаўнікоў нацыянальных меншасцяў, якія жывуць у рэгіёне Гданьска, на Памор’і. Аўтарка выдання – радыёжурналістка Анна Сабэцкая. З ён пагутарыў Мікола Ваўранюк.

РР: Скажыце, калі ласка, адкуль такая ідэя? Чаму вас зацікавілі лёсы нацыянальных меншасцяў на Памор’і? Ведаю, што гэтая кніжка – не пачатак вашага зацікаўлення. Вы зрабілі шэраг гутарак, шэраг перадач у польскім радыё ў Гданьску. Шмат сваёй прафесійнай працы прысвяцілі лёсам нацыянальных меншасцяў, ці лёсам канкрэтных людзей розных нацыянальнасцяў, якія волей лёсу апынуліся ў Гданьску і на Памор’і.

– Гэта праўда. Недзе 15 гадоў на антэне «Радыё Гданьск» і публічнага радыё ў Гданьску я рабіла праграму, прысвечаную нацыянальным меншасцям. У тым цыклу былі таксама і інтэрв’ю з прадстаўнікамі меншасцяў, якія жывуць на Памор’і, і яны потым сталі пунктам выйсця да з’яўлення гэтай кнігі. Інтэрв’ю былі спісаны з радыёзапісаў,  затым яны былі пашыраныя. Некаторыя падрабязнасці ўдакладнены для кнігі. Адкуль зацікаўленне? Рэгіён Памор’е – унікальны для цэлай Польшчы, дзе можна сустрэць прадстаўнікоў усіх нацыянальных меншасцяў, якія жывуць у Польшчы, – немцаў, габрэяў, беларусаў, украінцаў, літоўцаў, расейцаў, славакаў, чэхаў, армянаў і прадстаўнікоў усіх этнічных меншасцяў – татараў, караімаў, цыганаў…

РР: Слухаю вас і бачу, што мы тут, у Беластоку, трошкі няслушна лічым свой рэгіён такім унікальным – што у нас шматкультурнасць і г.д. А бачу, што ў Гданьску не менш, а можа яшчэ больш цікава.

– Гэта вынік адмысловай гістарычнай сітуацыі. Меншасці, якія жылі ў Гданьску, на Памор’і ад перадваеннага часу – гэта немцы і габрэі. Хаця лёсы іх прадстаўнікоў таксама розныя. А ўсе іншыя прадстаўнікі нацыянальных меншасцяў – беларусы, літоўцы, украінцы, армяне, татары, караімы з’явіліся тут пасля вайны, шукаючы або месца для навучання, або месца працы. Часам прыязджалі сюды па ўласным жаданні. А часам у выніку розных пасляваенных, не зусім дабравольных, міграцый. Так было з тымі, хто прыехаў з тэрыторыі сучаснай заходняй Беларусі ў рамках рэпатрыяцыі, так было і з украінцамі. Але большасць прадстаўнікоў з’явіліся тут ў рамках пасляваеннай, у 1947 годзе, акцыі «Вісла». І ў гэтым палягае розніца. Бо беластоцкі, ці падляшскі раён –  гэта раён, дзе беларусы, татары, украінцы жывуць ад веку.

РР: Адзін з вашых героеў, беларус Уладзіслаў Страшэвіч, кажа, што ён не толькі перамясціўся з рэгіёну ў рэгіён, з краіны ў краіну, але таксама з эпохі ў эпоху. Такімі няпростымі сваімі жыццёвымі дарогамі дзеляцца героі кнігі. Страшэвіч нарадзіўся ў 30-х гадах, а ў кнізе ёсць і старэйшыя людзі – з пачатку 20-га стагоддзя. І пра свае жыццёвыя лёсы яны вам расказвалі. Як вам удалося «адкрыць» тых людзей?

– Гэта не было так проста. Гэтыя інтэрв’ю не былі вынікам аднаразовых сустрэч. Гэтую супольнасць пазнавала на працягу шматлікіх гадоў. І героі маёй кнігі, героі маіх ранейшых інтэрв’ю павінны былі мяне пазнаць, павінны былі мне даверыцца, павінны былі пераканацца, што тыя інтэрв’ю, якія я праводзіла, – гэта не толькі маё працоўнае зацікаўленне, што гэта маё асабістае зацікаўленне.

РР: У мяне склалася такое ўражанне, што ў вас  з вашымі суразмоўцамі завязаліся блізкія кантакты. Ну хаця б з Мацеем Канапацкім, і вы не хаваеце, што з ім на ты. Не прыкідваецеся, што, маўляў, я толькі журналістка і збіраю матэрыял, а тут, у кнізе, сяброўская размова, дарэчы таксама пра вельмі цікавы лёс татарына з Вільні, які вучыўся ў беларускай гімназіі. Ягоны бацька Хасан пры Пілсудскім ствараў беларускія атрады, а пазней быў старшынём бацькоўскага камітэта ў Беларускай гімназіі ў Вільні. І Мацей Канапацкі таксама легенда беларускай журналістыкі ў Польшчы, ствараў першыя радыёперадачы ў польскім беластоцкім радыё, працаваў у «Ніве». А цяпер жыве ў Гданьску.

– Гэта праўда. Мацей Канапацкі, хоць чалавек з пакалення маіх бацькоў, але магу паведаміць, мой добры сябар, гэтак сама як і майго мужа, які ўжо не жыве. Гэтае сяброўства нарадзілася праз шматгадовыя кантакты. А Мацей пра сябе кажа, пра сваё паходжанне, якое мае тры вымярэнні – татарскае, беларускае і польскае, а таксама літоўскае. І згадвае свае дзіцячыя гады ў Літве. Гэта чалавек дыялогу, чалавек, які аб’ядноўвае народы, аб’ядноўвае вераванні. Ён быў у першым складзе супольнай камісіі католікаў і мусульманаў, якая была ўтворана ў Польшчы на пачатку 90-х гадоў, Мацей быў у першым складзе той камісіі і яе віце-кіраўніком. Сёння, улічваючы ягоны сур’ёзны ўзрост і стан здароўя, той функцыі не выконвае. Але па-ранейшаму з’яўляецца чалавекам, які шукае тое, што аб’ядноўвае, а не тое, што падзяляе людзей з розных нацыянальнасцяў і этнічных груп. Гэта чалавек надзвычай мудры. І гэта вялікі гонар быць ягоным сябрам. І з іншымі шматлікімі героямі маёй кнігі я таксама пасябравала.

РР: Мне здаецца тое, што вы кажаце пра Мацея Канапацкага, што ён працуе на дыялог, супрацоўніцтва, на ўзаемапазнаванне, то як раз такая і вашая кніга, скіраваная на дыялог. Вы тактоўна падыходзіце да вельмі складаных лёсаў, бо тут мы гаворым пра эмігрантаў. Былі там і не менш скаладаныя лёсы і ў аўтахтонаў, якіх засталося адзінкі пасля нямецкай акупацыі. Таму, па-мойму, гэтая кніжка «Калейдаскоп. Сустрэчы з нацыянальнымі меншасцямі» таксама своеасаблівы дыялог, адмысловая спроба зразумець кожны лёс.

– Так. І я зноў вярнуся да таго, што казаў Мацей Канапацкі. У той самы час жывём, на тым самым свеце. Але не таксама яго ўспрымаем, не таксама перажываем з нашым удзелам. І думаю, тое багацце свету пазнаём тады, калі мы хочам даведацца, што спазналі іншыя і зразумець пункт погляду іншага чалавека. Думаю, што гэтая кніга як раз і скіроўвае чытача ў гэты бок.

Гутарыў Мікола Ваўранюк

Цалкам гутарка: