«Анры Маціс. Погляд»: 118 літаграфій на выставе ў Менску
Выставачны праект «Анры Маціс. Погляд» адкрыецца 23 красавіка ў мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага, паведамілі ва ўстанове культуры.
На выставе прадставяць 118 літаграфій работ Анры Маціса. Яны дэманструюць яго невычэрпную энергію як мастака і як філосафа. Усе работы суправаджаюцца тэкстамі з яго артыкулаў, кніг, пісем і разважанняў.
Сярод майстроў культуры Заходняй Еўропы XX стагоддзя Анры Маціс займае выключнае месца. Яркі, велізарны талент мастака шмат у чым вызначыў развіццё сучаснага выяўленчага мастацтва амаль ва ўсіх магчымых яго праявах. «Усё сваё жыццё Анры Маціс знаходзіўся ў няспынным пошуку. У імкненні да максімальна эфектнай і адначасова гарманічнай выразнасці ён мяняў свае мастацкія інструменты і мяняўся сам. Аднак кожны раз, падпарадкоўваючыся на час новаму моцнаму ўражанню, майстар усмоктваў яго, як губка, а затым творча перапрацоўваў у адпаведнасці з уласным светаадчуваннем», — адзначылі арганізатары.
Анры Маціс атрымаў у спадчыну і абагульніў у сваёй творчасці духоўнае багацце і лепшыя рысы культур мінулага і свайго часу. Выдатны жывапісец, рысавальшчык і гравёр, ілюстратар і майстар афармлення кнігі, манументаліст-дэкаратар, тэатральны мастак, скульптар, кераміст, майстар габелена і вітража, стваральнік новага віду дэкаратыўнага мастацтва — выразак з паперы, афарбаванай гуашшу, — такім быў яго вельмі шырокі творчы дыяпазон.
Экспазіцыю будуць суправаджаць інфармацыйныя стэнды, якія дапамогуць лепш разабрацца з прадстаўленымі работамі. Таксама на выставе будуць дэманстравацца дакументальныя фільмы, якія пазнаёмяць з біяграфіяй і творчым шляхам французскага аўтара. Да таго ж кожны жадаючы зможа паспрабаваць разгадаць тэматычны квест па выставе.
У якасці арганізатараў выступаюць Музей гісторыі горада Менска і выставачная зала LIBRA. 118 каляровых літаграфій французскага мастака можна будзе ўбачыць па 20 чэрвеня.